Беларуская каўбаса без мяса: калі з'явіцца ў крамах і з чаго яе робяць

Навінку распрацоўвае Інстытут мяса-малочнай прамысловасці. Пра веганскую каўбасу «Радыё-Мінск» расказала загадчыца сектара комплексных даследаванняў мясных прадуктаў інстытута Ірына Калтовіч.

24.12.2023 / 20:18

Ілюстрацыйнае фота: housegovby / Telegram

Што ў складзе каўбасы без мяса? Асноўныя інгрэдыенты — морква, цыбуля, бульба, квяцістая капуста.

— Таксама выкарыстоўваецца мука (гарохавая, рысавая, грачаная), сумесі сухой гародніны, — пералічыла Ірына Калтовіч. — У залежнасці ад напрамкаў вегетарыянства ў прадукт можа быць дададзена сметанковае масла ці яечны парашок. Ёсць варыянты з шампіньёнамі ў складзе. Адзін з самых важных прынцыпаў: натуральны склад. Уся раслінная сыравіна мясцовай вытворчасці.

Мяркуецца, што ўжо ў 2024 годзе мінчане змогуць купіць і прадэгуставаць навінку.

Па форме каўбаса будзе звыклай. А вось па паху — не.

«Веганская каўбаса зусім не абавязаная па смаку нагадваць мясны прадукт. Палітыка інстытута такая, што мы выкарыстоўваем натуральныя прадукты, падбіраем і распрацоўваем рэцэптуры з пункту гледжання балансу патрэбных карысных і пажыўных рэчываў, а не з пункту гледжання моцнага паху і яркага густу».

Nashaniva.com