Былы пракурор Сафараў разам з жонкай на свабодзе

Як стала вядома «Нашай Ніве», былы высокапастаўлены пракурор Эльдар Сафараў і ягоная жонка, адвакатка Юлія Станкевіч, выйшлі на волю пасля 10 сутак за кратамі. 

24.12.2023 / 13:17

«Вясна» паведамляла, што на мінулым тыдні была затрыманая сямейная пара юрыстаў Эльдар Сафараў і Юлія Станкевіч. Інкрымінавалі ім, нібыта, народны артыкул 342 Крымінальнага кодэксу. Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі. 

Чытайце: Затрымалі былога пракурора Эльдара Сафарава і ягоную жонку

Эльдар Сафараў — гэта значная постаць беларускай юстыцыі, палкоўнік. У 2020-м ён дэманстратыўна сышоў з пасады начальніка аддзела падтрымкі дзяржабвінавачвання Генпракуратуры, пацвердзіўшы «Нашай Ніве», што сыход быў па палітычных матывах.

Пра іншыя сыходы з пракуратуры начальнікаў такога калібру не было вядома раней і невядома дагэтуль. 

Да антылукашэнкаўскіх сілаў або альтэрнатыўнай арганізацыі сілавікоў «Байпол» Сафараў не далучыўся. Жыў у Беларусі да затрымання. 

Як стала вядома «Нашай Ніве», Эльдар Сафараў і ягоная жонка Юлія Станкевіч на волі пасля 10 дзён утрымання ў следчым ізалятары. 

Іх прававы статус застаецца невядомым.

Nashaniva.com