Якім надворʼе будзе ў Беларусі на Новы год 

У апошні тыдзень адыходзячага года на класічную зіму са снегам і марозам разлічваць не варта, расказаў сіноптык Дзмітрый Рабаў.

24.12.2023 / 09:17

«Надворʼе чакаецца няўстойлівым, не абыдзецца і без неспрыяльных і небяспечных зʼяў надворʼя», — папярэдзіў Рабаў у эфіры тэлеканала ОНТ.

Паводле інфармацыі сіноптыка, Беларусь адкрылася для цёплых павеваў з Атлантыкі ў канцы адыходзячага тыдня — было дастаткова цёпла для гэтай пары года.

Уплыў Атлантыкі будзе па-ранейшаму адчувацца — а гэта азначае сырое, золкае надворʼе з ветрам. Сярэдняя тэмпература чакаецца на 3-5°С вышэйшай за норму.

У пачатку тыдня чарговы атлантычны цыклон прынясе воблачнае надворʼе і ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, дажджу. Тэмпература будзе плюсавой.

Што тычыцца 30 і 31 снежня, то ўначы па паўночным усходзе чакаецца -3, па паўднёвым захадзе да +3.

У сярэдзіне дня ў суботу ад + 1 да +6 градусаў, у нядзелю ад +1 да + 4, мяркуе сіноптык.

Nashaniva.com