Самалёт кампаніі Southwind Airlines першы раз прыляцеў са Стамбула ў Мінск
Першы рэйс новага для беларускага рынку авіяперавозчыка Southwind Airlines прыляцеў у Мінск напярэдадні позна ўвечары, паведаміла прэс-служба Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Авіякампанія пачала анансаваныя раней рэгулярныя палёты са Стамбула ў Мінск.
23.12.2023 / 20:23
Фота: airport.by
Першым рэйсам у Мінск прыляцела кіраўніцтва Southwind Airlines. Самалёт сярод іншых сустракалі прадстаўнікі пасольства Турцыі і намеснік гендырэктара аэрапорта па знешнеэканамічнай дзейнасці Мікіта Сярэдзіч.
Мяркуючы з даных сэрвісу flightradar24.com, першы палёт праходзіў над тэрыторыяй Еўрасаюза. Прытым борт Southwind Airlines не завярнуў у Беларусь адразу з Польшчы, а праз тэрыторыю Літвы і Латвіі заляцеў у Расію і ўжо адтуль скіраваўся на Мінск.
Паводле меркавання motolko.help, авіякампанія пакуль не змагла атрымаць дазвол МЗС Беларусі на заход у паветраную прастору Беларусі з боку ЕС.
У Еўропе пачатак рэйсаў кампаніі Southwind Airlines, кіраўніцтва якой цесна звязанае з Расіяй, сустрэлі насцярожана. Там асцерагаюцца, што праз гэтыя рэйсы можа быць рызыка мэтанакіраванай кантрабанды нелегальных мігрантаў у Заходнюю Еўропу.
Чытайце таксама:
Расія стварыла падстаўную авіякампанію, каб перавозіць нелегальных мігрантаў у Еўропу праз Мінск
З Мінска ў Стамбул можна будзе даляцець на дзве гадзіны хутчэй, чым цяпер. Як такое магчыма?