Пуцін чакае Лукашэнку ў Пецярбургу на каталіцкія Каляды
22.12.2023 / 16:5
Традыцыйны нефармальны саміт кіраўнікоў СНД пройдзе 26 снежня.
Удзельнікі саміту ў мінулым годзе. Фота: kremlin.ru
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін чакае сваіх калег з краін СНД у канцы снежня на нефармальнай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Традыцыйны нефармальны саміт кіраўнікоў СНД сёлета пройдзе 26 снежня, піша выданне «Дзелавы Пецярбург».
Аб саміце кіраўнік Расіі нагадаў у сваім звароце да ўдзельнікаў пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД.
Таксама Пуцін нагадаў, што 1 студзеня старшынства ў СНД пераходзіць да Расіі. Асаблівую ўвагу нададуць пытанню «зберажэння рускай мовы».
Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў казаў раней, што Пуцін запрасіў сваіх калегаў на саміт у Пецярбургу, каб «паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы, абмеркаваць актуальныя пытанні, абмяняцца думкамі».
У мінулым годзе нефармальны саміт лідараў краін СНД адбыўся ў Пецярбургу 26-27 снежня.
У ім узялі ўдзел кіраўнікі РФ, Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, Туркменістана, Кыргызстана, Узбекістана і Арменіі.