Індэкс аліўе і шубы. Як за год падаражэлі класічныя святочныя салаты?
Трэці год запар падлічваем інфляцыю па інгрэдыентах любімых навагодніх страваў. Як змяніліся цэны на іх?
25.12.2023 / 08:21
Адразу нагадваем, што гэта не з'яўляецца сур'ёзным даследаваннем. Інфармацыя Белстата не ўлічвае сярэднія цэны на некаторыя прадукты кшталту салёных агуркоў ці кансерваванага гарошку (замест іх узятыя цэны з катэгорыі «кансерваваная гародніна»). Звесткі статыстычнага органа абагульненыя: не ўлічваюць, напрыклад, тлустасць маянэзу, катэгорыю яек і г. д. Таксама не ўлічваліся выдаткі на прыгатаванне — а камунальныя паслугі ў Беларусі таксама даражэюць штогод.
Аліўе
Для разліку цаны салаты «Аліўе» мы, як звычайна, бярэм наступны рэцэпт: кансерваваныя агуркі (500 грамаў), гарошак (380 грамаў), бульба (500 грамаў), морква (200 грамаў), курыныя яйкі (4 штукі), вараная каўбаса (300 грамаў), маянэз (200 грамаў), рэпчатая цыбуля (100 грамаў).
Аліўе | Лістапад 2022 | Лістапад 2023 | Інфляцыя, % |
Кансерваваныя агуркі, 1 кг (порцыя) | 8,15 (4,08) | 9,1 (4,55) | 11,66 |
Гарошак, 1 кг (порцыя) | 8,15 (3,10) | 9,1 (3,46) | 11,66 |
Бульба, 1 кг (порцыя) | 0,91 (0,46) | 0,75 (0,38) | -17,58 |
Морква, 1 кг (порцыя) | 0,92 (0,18) | 1,03 (0,21) | 11,96 |
Яйкі, дзясятак (порцыя) | 2,99 (1,20) | 3,23 (1,29) | 8,03 |
Вараная каўбаса в/г, 1 кг (порцыя) | 9,15 (2,75) | 9,37 (2,81) | 2,40 |
Маянэз, 1 кг (порцыя) | 9,35 (1,87) | 8,73 (1,75) | -6,63 |
Рэпчатая цыбуля, 1 кг (порцыя) | 1,3 (0,13) | 1,35 (0,14) | 3,85 |
Сума за порцыю | 13,77 | 14,57 | 5,97 |
За год, згодна з афіцыйнымі звесткамі Белстата, аліўе на сям'ю стала даражэйшым усяго на 80 капеек, ці на 6 працэнтаў у адносных велічынях. Гэта найменшы паказчык за тры гады — у 2021-м аліўе дадала 20%, летась — 14.
Пасля істотнага росту ў мінулым годзе сёлета гародніна патаннела. Астатнія прадукты ж звыкла даражэлі, што дало выніковы рост цаны порцыі «Аліўе» на 6 працэнтаў.
Гэта адпавядае гадавой інфляцыі па падліках Нацбанка і завярэнням першага намесніка прэм'ера Снапкова, які заявіў, што па выніках года рост цэн складзе 5,4-5,6%.
Селядзец пад шубай
Для ацэнкі кошту шубы узялі такі рэцэпт: салёны селядзец (350 грамаў), бульба (400 грамаў), буракі (350 грамаў), морква (200 грамаў), курыныя яйкі (2 штукі), рэпчатая цыбуля (100 грамаў), маянэз (300 грамаў).
Селядзец пад шубай | Лістапад 2022 | Лістапад 2023 | Інфляцыя, % |
Салёны селядзец, 1 кг (порцыя) | 8,29 (2,90) | 8,97 (3,14) | 8,20 |
Бульба, 1 кг (порцыя) | 0,91 (0,36) | 0,75 (0,30) | -17,58 |
Буракі, 1 кг (порцыя) | 0,85 (0,30) | 1 (0,35) | 17,65 |
Морква, 1 кг (порцыя) | 0,92 (0,18) | 1,03 (0,21) | 11,96 |
Яйкі, дзясятак (порцыя) | 2,99 (0,60) | 3,23 (0,65) | 8,03 |
Рэпчатая цыбуля, 1 кг (порцыя) | 1,3 (0,13) | 1,35 (0,14) | 3,85 |
Маянэз, 1 кг (порцыя) | 9,35 (2,81) | 8,73 (2,62) | -6,63 |
Сума за порцыю | 7,28 | 7,40 | 1,59 |
Аматары селядца пад шубай могуць быць шчаслівыя — інгрэдыенты дадалі за год усяго 12 капеек. Гэта, як і з аліўе, мінімальны паказчык за тры гады — у 2021-м шуба дадала ажно 36,4%, летась — 6,74%.
А як, па вашых адчуваннях, выраслі цэны на прадукты за гэты год? Напішыце ў каментарах!