У Карэліі на месцы масавых растрэлаў сталінскіх часоў усталююць помнік ахвярам «фінскай акупацыі»

На тэрыторыі мемарыяльных могілак Сандармох у Карэліі паставяць стэлу з надпісам «Ахвярам рэпрэсій 1937-1939 гадоў і ахвярам фінскай акупацыі часоў Вялікай Айчыннай вайны». Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведаміла дэпутат заксабрання Рэспублікі Карэлія Эмілія Слабунова, піша «Важные истории».

20.12.2023 / 14:53

Сандармох — адно з самых вялікіх пахаванняў ахвяр масавых сталінскіх рэпрэсій 1937-1938 гадоў. Фота: SOTA

«Такі надпіс не адпавядае ўсталяванаму дзяржаўнымі дакументамі статуту абʼекта, які падлягае дзяржахове. Гэта супярэчыць гістарычнай праўдзе»,

— заявіла палітык. Яна дадала, што накіравала запыт у пракуратуру з просьбай правесці праверку.

Аб тым, што ўрад Карэліі плануе вылучыць 25,5 млн расійскіх рублёў на «добраўпарадкаванне» мемарыяла, стала вядома ў канцы 2022 года. Пры гэтым, сродкі выдзяляліся не з бюджэту рэспублікі. «Апынулася, што гэта сродкі нейкага гранта, атрыманага кіраўніком Рэспублікі Карэлія за дасягненне нейкіх паказчыкаў», — пісала Слабунова.

Па словах дэпутата, на працягу года чыноўнікі пад рознымі нагодамі адмаўляліся даць ёй доступ да праекту рэканструкцыі.

У адказах на запыты яны сцвярджалі, што гаворка ідзе аб пашырэнні паркоўкі і ўсталяванні лаваў.

Сандармох — адно з самых вялікіх пахаванняў ахвяр масавых сталінскіх рэпрэсій 1937-1938 гадоў. Расстрэльны палігон быў знойдзены ў 1997 годзе гісторыкам Юрыем Дзмітрыевым.

Сваё «расследаванне» падзей у Сандармоху ў 2018-м годзе арганізавалі актывісты ўзначаленага Уладзімірам Медынскім Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства. Яны заявілі, што ва ўрочышчы пахаваны вязні фінскіх лагераў.

У апошні час адносіны паміж Фінляндыяй і Расіяй рэзка пагоршыліся. Фінляндыя стала членам НАТА 4 красавіка 2023 года. Краіна падала заяўку на ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Да гэтага Фінляндыя захоўвала нейтральны статус.

Праз гэта расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін паабяцаў краіне праблемы. 

Цяпер праз мігранцкі крызіс Фінляндыя закрыла памежныя пераходы з Расіяй.

Чытайце таксама:

«У вас няма будучыні». Расія ідзе па шляху Беларусі — ліквідавалі самую значную праваабарончую арганізацыю

Маскоўскі тэатр адмяніў прэм'еру спектакля «Крэмулятар» паводле Сашы Філіпенкі

Першы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. 90 гадоў справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»: як гэта было арганізавана

Nashaniva.com