Алексіевіч: З кватэры ўдалося вынесці Нобелеўскі медаль, але засталіся рукапісы і дзённікі

Пісьменніцы Святлане Алексіевіч пагражаюць адабраць яе кватэру, набытую на грошы з Нобелеўскай прэміі. DW прыгадвае, пра што сама Алексіевіч нядаўна распавяла нямецкай газеце Die Zeit.

20.12.2023 / 12:14

Пасля атрымання Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч купіла кватэру ў так званым «доме Чыжа» ля Траецкага прадмесця ў Мінску. Да гэтага яна жыла ў суседнім доме з відам на Свіслач, з якога, па словах пісьменніцы, яе выселілі кнігі: месца для іх стала занадта мала.

«Цяпер прапагандысты кажуць, што гэтая кватэра ідэальна падышла б для сямейнага супрацоўніка АМАПу. Лукашэнка пагражае адпомсціць усім, хто тады ўдзельнічаў у рэвалюцыі», — сказала ў інтэрвʼю Алексіевіч.

Па словах пісьменніцы, многія яе сябры зʼехалі, і тое, з чаго складаўся яе свет, знікла. Сама пісьменніца зʼехала з Беларусі восенню 2020 года, з тых часоў яна жыве ў Берліне.

«Цяпер я б сказала: мой дом знаходзіцца нідзе. Таму што я дагэтуль не магу змірыцца з думкай, што зʼехала назаўжды. Я хачу вярнуцца, але няма месца, куды я магла б вярнуцца», — казала яна. 

У мінскай кватэры Алексіевіч засталіся многія рукапісы і дзённікі, за якія яна перажывае больш за ўсё. Нядаўна, па словах пісьменніцы, з кватэры ўдалося вынесці Нобелеўскі медаль.

«Мой свет складваўся на працягу многіх гадоў, і я кажу пра рэчы, якія маюць сімвалічнае значэнне. І тут прыходзяць гэтыя жывёлы — я не магу назваць іх інакш — і руйнуюць гэты свет. Некаторы час таму яны знішчылі ўсё ў кватэры аднаго навукоўца і вывалілі туды цэлы грузавік смецця, фатаграфіі чаго былі апублікаваныя. Цяжка ўявіць, што адчувае чалавек, калі бачыць, што зрабілі з ягоным светам», — так Алексіевіч пракаментавала пагромы сілавікоў у кватэрах беларусаў. 

28 лістапада праваабаронцы паведамілі пра масавыя ператрусы ў Мінску па «справе Каардынацыйнай рады», у прэзідыум якой у 2020 годзе ўваходзіла Святлана Алексіевіч. Пасля гэтага сілавікі выпісалі больш за 100 ордараў на арышт маёмасці тых, хто праходзіць па гэтай справе і знаходзіцца не ў Беларусі.

Nashaniva.com