Ці стане вайна ва Украіне пазіцыйнай? Тлумачыць эксперт
Адсутнасць істотных зменаў на лініі расійска-украінскага фронту наводзіць на думку аб яе магчымым пераходзе ў стадыю пазіцыйнай, падобнай да Першай сусветнай вайны. Наколькі такая верагоднасць магчымая?
20.12.2023 / 14:29
Ілюстрацыйнае фота: УСУ
Вайсковы эксперт Алег Жданаў выказаў сваё бачанне далейшага развіцця падзей на фронце ў сітуацыі, калі ні ў аднаго з бакоў няма ні сіл, ні магчымасцяў для развіцця наступу.
Па словах Жданава, сапраўды існуе пагроза ператварэння вайны ў пазіцыйную. Але яе ўзровень дастаткова малы. Як тлумачыць эксперт, нават цяпер украінскі бок вядзе мабільную абарону: «Часам мы пакідаем пазіцыі, бо там няма чаго ўтрымліваць».
Ва ўкраінскага боку ёсць рубяжы абароны, на якія ён будзе абапірацца падчас абарончай аперацыі. Эксперт спадзяецца на працяг паставак тэхнікі і ўзбраення з боку партнёраў Украіны. Гэта ў выніку павінна дазволіць назапасіць сілы і сродкі для наступальнай аперацыі.
Жданаў лічыць, што ў вядзенні доўгай вайны не зацікаўлены ніхто. «Нават Расія добра разумее — чым даўжэй яна будзе весці пазіцыйную вайну, тым хутчэй выдыхнецца».
На думку эксперта, менавіта гэтым можна патлумачыць такі шалёны тэмп наступу расійскага боку.
«Ствараецца ўражанне, што Расія пайшла ва-банк. Пакуль не скончацца сілы, яны будуць спрабаваць праламаць украінскую абарону. Ужо адбываецца больш за 100 баявых сутыкненняў у суткі. Украінскі бок спрабуе зацягнуць праціўніка ў пазіцыйную абарону, каб нанесці максімальныя страты. Пры гэтым украінцы імкнуцца манеўраваць войскамі для таго, каб самім не патрапіць пад удар і зменшыць страты».
Жданаў упэўнены, што такі тэмп расійскага наступу доўга працягвацца не можа. Праціўнік выдыхнецца, і ва ўкраінскага боку ёсць шанец перайсці ў контрнаступ.
Чытайце яшчэ:
Навошта ўтрымліваць украінскі плацдарм на левым беразе Дняпра? Тлумачыць эксперт
Расія стварае штрафныя батальёны для афіцэраў
Ці можа штучнае зніжэнне ўзроўню вады ў Дняпры дапамагчы праходу ўкраінскіх войскаў на левы бераг?