«Вы пад кантролем». Супрацоўнік КДБ падключыўся да анлайн-занятку Вольнага беларускага ўніверсітэта
Як стала вядома тэлеканалу «Белсат», увечары 19 снежня падчас анлайн-занятку Вольнага беларускага ўніверсітэта ў эфір падключыўся прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак, які паведаміў удзельнікам, што «ўсе пад кантролем». Інцыдэнт тэлеканалу пацвердзілі супрацоўнікі Вольнага беларускага ўніверсітэта.
19.12.2023 / 21:42
Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак падчас заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэта. Фота ад чытачоў «Белсата»
«Маючы спасылку да Zoom-сустрэчы, прадстаўнік КДБ выступіў і паспрабаваў запалохаць удзельнікаў», — распавялі «Белсату» ў Вольным беларускім універсітэце.
Рэч у тым, што можна не быць студэнтам курса, а атрымаць проста спасылку на анлайн-сустрэчу і такім чынам падключыцца да занятку.
«У мэтах бяспекі ВБУ прапануе выкарыстоўваць нікі замест імёнаў, і, такім чынам, з-за гэтага ёсць і адваротны эфект, што мы не можам адсачыць, хто сапраўды зʼяўляецца ўдзельнікам. Гэта стварае дадатковую праблему верыфікацыі ўдзельнікаў», — расказалі «Белсату» ў ВБУ.
Гэты інцыдэнт падобны да таго, што здарыўся нядаўна ў Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе: актывіст Алег Аксёнаў 18 лістапада арганізаваў семінар па бяспецы, на якім раптоўна выступіў супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі.
Пры гэтым Вольны беларускі ўніверсітэт пакуль не прызнаны рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкім фармаваннем». ВБУ выконвае ролю аператара адаптаваных для Беларусі праграм, ствараных і рэалізаваных разам з заходнімі партнёрскімі ўніверсітэтамі.
Чытайце таксама:
Адшукалі чалавека, які, меркавана, пераводзіў грошы Алегу Аксёнаву ад КДБ
«Нават такія сівыя бабры патрапляюць у пастку». Алег Аксёнаў патлумачыў, як яго развёў КДБ