Аўстрыя разблакавала санкцыі супраць Расіі. Але Украіна пайшла ёй на саступкі па банку Raiffeisen
Аўстрыя пагадзілася зняць блакіроўку 12-га пакета санкцый Еўразвяза супраць Расіі пасля таго, як Украіна выключыла яе банк Raiffeisen з пераліку міжнародных спонсараў вайны, піша «Еўрапейская праўда».
17.12.2023 / 11:12
Фота: GETTY IMAGES
Першым аб разблакаванні санкцыйнага пакета паведаміў брусэльскі карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк. Ён напісаў, што Вена «зняла сваю перасцярогу» і прыняцце пакета адбудзецца на наступным тыдні.
Reuters звярнуў увагу, што Нацыянальнае агенцтва Украіны па пытаннях перадухілення карупцыі прыбрала Raiffeisen з пераліку міжнародных спонсараў вайны на сваім сайце. Тое, што гэтая дамоўленасць была часткай кампрамісу Вены, пацвердзіў суразмоўца агенцтва ў ЕС.
У рашэнні саміту ЕС, апублікаваным у чацвер, 14 снежня, утрымлівалася фраза аб тым, што ЕС «вітае прыняцце» 12-га пакета санкцый супраць Расіі. Але пазней стала вядома, што юрыдычная дамоўленасць яшчэ не была дасягнутая, і яе блакавала Аўстрыя з-за абʼявы Raiffeisen міжнародным спонсарам вайны.
Raiffeisen зʼяўляецца адным з найважнейшых фінансавых каналаў, па якім расійскія бізнэсы ажыццяўляюць аперацыі ў далярах і еўра. Дзякуючы гэтаму банк атрымлівае вялізныя прыбыткі, з якіх у тым ліку фінансуе бюджэт краіны-агрэсара сваімі падаткамі.