Памёр спявак Шымон Ісраэлі. Падчас Халакосту ён выжыў у гета ў Стоўбцах
Ва ўзросце 91 года памёр ізраільскі спявак і акцёр Шымон Ісраэлі (імя пры нараджэнні — Шымон Пасесорскі), піша newsru.co.il.
15.12.2023 / 16:07
Шымон Ісраэлі ў 1959 годзе. Фота: Israel Nation Photo Collection
Ураджэнец Варшавы, Ісраэлі падчас Халакосту выжыў у гета ў Стоўбцах, а ў 1946 годзе пераехаў у падмандатную Палесціну, дзе ўзяў новае прозвішча і праз некалькі гадоў пачаў акцёрскую і спявацкую кар'еру.
Першых поспехаў у Ізраілі і па-за яго межамі артыст дамогся ў другой палове 1950-х у складзе трыа שלושת המיתרים («Шлошэт гамейтарым» — «Тры струны», міжнародная назва — Trio Aravah).
На канцэртах у Францыі гурт выступаў на адной сцэне з Шарлем Азнавурам і Жакам Брэлем.
Іншым праектам, у якім ён удзельнічаў у тыя ж гады, быў музычна-тэатральны гурт בצל ירוק («Бацаль ярок» — «Зялёная цыбуля»).
Пасля распаду абодвух ансамбляў Шымон Ісраэлі стаў першым ізраільскім артыстам, які адважыўся выступаць на сцэне сола, прычым з песнямі ўласнага сачынення.
Сярод іх былі шматлікія папулярныя дагэтуль у Ізраілі хіты — у тым ліку песня «סתם יום של חול» («Стам ём шэль холь» — «Проста буднi дзень»).