Церцель заявіў, што «Байпол» «поўнасцю фінансуецца СБУ»
Старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель сёння пракаментаваў затрыманне беларуса Сяргея Ерамеева па заведзенай у Расіі справе аб тэракце на БАМе. Паводле яго слоў, мужчыну завербавалі ўкраінскія спецслужбы.
13.12.2023 / 15:58
«Я пацвярджаю гэты факт. Размова ідзе пра нашага грамадзяніна, жыхара Віцебскага рэгіёна, былога работніка «Нафтана», які быў звольнены ў снежні 2020-га за дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Матывы перш за ўсё карыслівыя. Яму выплацілі пэўныя сумы, яшчэ большыя былі абяцаны. Акрамя таго, матывам стала перавернутая свядомасць і перавернутыя меркаванні і каштоўнасці», — сказаў Іван Церцель.
Церцель заявіў, што вярбоўка беларуса, як і некаторых іншых нашых суграмадзян, ажыццяўлялася ўкраінскімі спецслужбамі «дыстанцыйным шляхам».
«Прыклады — тая ж Вілейка, дзе былі завербаваны нашы грамадзяне. Гэта і спробы тэрактаў у Мінскай і Віцебскай абласцях, што было паказана ў прэсе. Украінскія спецслужбы ў тым ліку выкарыстоўваюць людзей з праблемамі з псіхікай, хворых людзей. Гэта нядобрая практыка», — сказаў старшыня КДБ.
Таксама Церцель заявіў, што арганізацыя «Байпол» поўнасцю фінансуецца СБУ. «Мы ведаем супрацоўнікаў, якія там інструктуюць і працуюць», — сказаў ён.
Чытайце таксама:
Затрыманы за дыверсію ў расійскім тунэлі беларус — шматдзетны бацька, які не змаўчаў у 2020-м
Суд у Омску арыштаваў на 53 дні беларуса, якога абвінавачваюць у тэракце на БАМе
У Полацку адбыліся затрыманні з нагоды дыверсіі ў расійскім тунэлі, у якой абвінавачваюць беларуса