МАРГ назвала долю беларускіх тавараў, што прадаюцца каля касаў. Яна зусім маленькая

Пашырэнню долі беларускіх тавараў у прыкасавай зоне перашкаджаюць заключаныя кантракты рытэйлераў з імпарцёрамі.

12.12.2023 / 15:11

Фота: БелТА

У Беларусі ў крамах плануюць павялічыць долю тавараў беларускай вытворчасці ў прыкасавай зоне. Пра гэта заявіў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Аляксей Багданаў перад бізнэс-сустрэчай з прадстаўнікамі буйных гандлёвых сетак і айчынных вытворцаў, піша БелТА.

«Прадстаўнікі гандлёвых арганізацый і прадпрыемства канцэрна «Белдзяржхарчпрам» сабраліся абмеркаваць павелічэнне долі продажаў беларускай прадукцыі. Асаблівы фокус увагі на прыкасавай зоне. Цяпер доля беларускіх тавараў тут складае 17-18%. Будзем абмяркоўваць, як пакрокава павялічыць долю продажаў гэтай прадукцыі і пашырыць асартымент», — сказаў Аляксей Багданаў.

Паводле яго слоў, пашырэнню долі беларускіх тавараў у прыкасавай зоне перашкаджаюць заключаныя кантракты рытэйлераў з імпарцёрамі, а таксама немагчымасць выпусціць у Беларусі ўсе дробнаштучныя тавары.

Пры гэтым беларускія прадпрыемствы імкнуцца развіваць гэты кірунак і працуюць над імпартазамяшчэннем многіх пазіцый.

Аляксей Багданаў таксама распавёў, што прадпрыемствы прадстаўляюць сваё прыкасавае абсталяванне, якое будзе паступова ўкараняцца ў гандлёвых арганізацыях. 

Nashaniva.com