Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне права на свабоду Бабарыкі пры затрыманні. Прайшло амаль тры з паловай гады

Таксама КПЧ заклікае забяспечыць экс-прэтэндэнтам права на сустрэчу з адвакатамі.

12.12.2023 / 12:11

Віктар Бабарыка. Фота з яго фэйсбука

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў 31 кастрычніка рашэнне (меркаванне) па скарзе палітзняволенага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі, прызнаўшы парушэнне яго права на свабоду, што гарантаванае артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, піша «Вясна».

Таксама КПЧ звярнуўся да дзяржавы з просьбай прыняць тэрміновыя меры для забеспячэння таго, каб жыццё, фізічны і маральны стан палітвязня не зведвалі небяспеку, а таксама забяспечыць яго камунікацыі з адвакатамі, членамі сям'і і медыцынскімі работнікамі.

Віктар Бабарыка, які вёз у ЦВК сабраныя для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты подпісы, быў затрыманы разам са сваім сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 года. Праз год, 6 ліпеня 2021 года, яго асудзілі на 14 гадоў калоніі. З канца красавіка гэтага года пра яго нічога не вядома.

Nashaniva.com