Аляксей Навальны знік у калоніі

Паплечнікі расійскага апазіцыянера, які адбывае 19-гадовы тэрмін у калоніі строгага рэжыму ва Уладзімірскай вобласці, цягам шасці дзён не маглі атрымаць інфармацыю пра яго. У панядзелак у калоніі нарэшце заявілі, што зняволенага Навальнага ў іх больш няма, але дзе ён — не сказалі, піша Бі-бі-сі.

12.12.2023 / 08:13

Аляксей Навальны. Contributor / Getty Images

«Толькі што да адваката выйшлі з ПК-6 Мелехава і сказалі, што зняволены Навальны ў іх больш не лічыцца. Куды яго перавялі, казаць адмаўляюцца», — напісала ў сацсетцы Х (былы Twitter) прэс-сакратар Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш.

Паплечнік палітыка Іван Жданаў сцвярджае, што адвакаты Навальнага не знайшлі яго і ў ВК-7 — адзінай калоніі асаблівага рэжыму ва Уладзімірскай вобласці.

«Гэта значыць, ён можа быць дзе заўгодна. Што горш за ўсё — можа некалькі тыдняў быць на этапе», — дадаў іншы паплечнік апазіцыянера Леанід Волкаў.

Панядзелак стаў ужо шостым днём з тых часоў, як члены каманды Навальнага страцілі магчымасць атрымаць інфармацыю пра тое, дзе ён і што з ім.

11 снежня апазіцыянера павінны былі падключыць па відэасувязі да пасяджэння суда па яго пазовах да калоніі, аднак гэтага зноў не адбылося. Са слоў паплечнікаў палітыка, у адміністрацыі калоніі сцвярджаюць, што з 7 снежня не могуць паправіць электрычнасць.

На жаль, у Беларусі адвакаты і родныя не ведаюць пра палітычных вязняў куды большы тэрмін. Пра Міколу Статкевіча нічога не вядома з лютага 2023 года, пра Віктара Бабарыку з канца красавіка, пра Сяргея Ціханоўскага з пачатку ліпеня. І гэта далёка не поўны спіс.

Nashaniva.com