Названы пераможцы Нацыянальнай праваабарончай прэміі

У Вільні 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, узнагародзілі пераможцаў Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці, паведамляе БАЖ. Прэмія ўручаецца штогод за дасягненні ў галіне правоў чалавека.

10.12.2023 / 16:02

Праваабаронца года

Сёлета ў гэтай намінацыі два пераможцы — Алег Агееў і Наталля Мацкевіч. 

Алег Агееў — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. З 2015 году ён кіруе Прававым цэнтрам БАЖ, працуе ў сферы свабоды выказвання і свабоды СМІ. Як эксперт, лектар і трэнер удзельнічаў у шматлікіх адукацыйных праграмах па навучанні правам чалавека. Пасля ператрусу 16 лютага 2021 года спадар Агееў вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер працягвае дзейнасць у БАЖ за мяжой.

Наталля Мацкевіч — адвакат. Выступала абаронцам у рэзанансных палітычных працэсах: абараняла кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, анархіста Міколу Дзядка. Была абаронцам у шматлікіх іншых палітычна матываваных справах. Была пазбаўленая ліцэнзіі ў кастрычніку 2021 года, пасля 27 гадоў адвакацкай практыкі. Акрамя працы адвакатам, Наталля Мацкевіч шмат гадоў працуе ў адукацыі ў сферы правоў чалавека. З’яўляецца экспертам па нацыянальнай сістэме абароны правоў чалавека і механізмам абароны правоў чалавека ААН.

Журналіст года

Палітвязень Аляксандр Манцэвіч стаў пераможцам у гэтай намінацыі.

Аляксандр Манцэвіч — заснавальнік і галоўны рэдактар незалежнай грамадска-палітычнай «Рэгіянальнай газеты» ў горадзе Маладэчна.

У 2023 годзе яго арыштавалі і асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі. Спадар Манцэвіч віны не прызаў і перад прысудам выступіў са смелым апошнім словам.

Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года

У намінацыі перамагла служба эвакуацыі BYSOL.

Кірунак «Эвакуацыя» фонду BYSOL дапамагае з экстраным выездам з Беларусі тым, каму пагражае палітычна матываваная крымінальная адказнасць. Да іх звяртаюцца актывісты, дваравыя ініцыятывы, праваабаронцы, журналісты і іншыя. 

За амаль тры гады існавання служба эвакуацыі BYSOL дапамагла велізарнай колькасці людзей пакінуць краіну і ўратаваць сваю свабоду. 

1848 чалавек агулам атрымалі падтрымку службы: кансультацыю ці суправаджэнне выезда.

Праваабарончая салідарнасць года

Першым пераможцам у новай намінацыі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці стала Паліна Шарэнда-Панасюк.

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Берасця. Была затрыманая 3 студзеня 2021 года, атрымала два гады калоніі.

У 2022 годзе ёй прысудзілі яшчэ адзін год калоніі па артыкуле 411 КК. Паліна стала першай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле. А сёлета на актывістку завялі яшчэ адну крымінальную справу. Агулам яна атрымала тэрмін у 4 гады зняволення. 

На Паліну Шарэнду-Панасюк моцна ціснуць у турме: рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар, не перадаюць ёй прадуктовыя перадачы ад сваякоў і бандэролі з лекамі.

«Праваабарончая салідарнасць» — новая намінацыя. На яе вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасць па прасоўванні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Улады Ірана не далі паехаць на цырымонію ўручэння прэміі Сахарава сям'і дзяўчыны, забітай за няправільнае нашэнне хіджабу

Колішняя мігрантка з Беларусі атрымала прэмію для жанчын-палітыкаў у Германіі

У літоўскім Сейме журналісту Ягору Марціновічу ўручылі прэмію «Надзея Свабоды»

Nashaniva.com