«Па начах кошкі не спяць». Маладзечанка стварае ўнікальныя лялькі, якія купляюць у Амерыцы і Кувейце
У Вілейцы адкрылася выстава аўтарскіх лялек ручной працы «Шчасце ў кішэні» Кацярыны Камельчык. Работы мастачкі з Маладзечна можна будзе ўбачыць да 14 студзеня.
09.12.2023 / 09:37
У інтэрв'ю Kraj.by маладзечанка распавяла, як лялькаробства з'явілася ў яе жыцці і чаму ў яе лялек так шмат прыхільнікаў па ўсім свеце.
Кацярына Камельчык — выкладчык гімназіі-каледжа мастацтваў у Маладзечне. Нягледзячы на тое, што на рахунку мастачкі-педагога ўжо пяць персанальных выстаў, у Вілейцы яна паказвае свае працы ўпершыню. Цікава, што менавіта творчасць калегі, ураджэнкі Вілейкі, натхніла Кацярыну заняцца лялькаробствам.
— Ганна Балаш — вядомая ў колах мастакоў лялечніца — цяпер працуе ў Мінску, але нарадзілася ў Вілейцы. Калі я зусім выпадкова ўбачыла ў нейкім чужым доме яе ляльку, менавіта тады ў мяне ўпершыню з'явілася цікавасць да лялькаробства, — падзялілася Кацярына Камельчык.
Сваю першую ляльку Кацярына стварыла больш за 10 гадоў таму.
— Першыя пробы менавіта тэхнікі лепкі твару, ручак былі, напэўна, у 2006-2007 гадах. А тое, што можна было ўжо назваць лялькай, з'явілася ў 2008 годзе, — успамінае яна.
Сёння лялькі маладзечанкі захоўваюцца ў калекцыях па ўсім свеце. ЗША, Кувейт, Нямеччына, Польшча, Расія і, вядома, Беларусь — і гэта спіс краін, дзе жывуць прыхільнікі творчасці Кацярыны Камельчык. Дарэчы, па словах мастачкі, на міжнародным рынку ўнікальная ручная работа цэніцца на парадак вышэй, а замежнікі пры куплі аўтарскай лялькі растаюцца з грашыма лягчэй.
— Часцей за ўсё за мяжу працы трапляюць праз знаёмых. Яны пытаюцца, ці раблю я пад заказ лялькі, а потым абмяркоўваецца тэматыка, альбо кліенты па фатаграфіях заказваюць ужо канкрэтную ляльку. У Беларусі прадаю лялькі танней, чым за мяжу. Я разумею, калі буду ставіць тут вялікую цану, то ў мяне менш шанцаў яе прадаць, — шчыра кажа Кацярына. — Але для мяне гэта не спосаб заробку. Гэта выказванне маіх эмацыйных адчуванняў, унутранага свету.
Выраб лялек — гэта карпатлівая праца, якая патрабуе не толькі майстэрства, але цярпення, часу. Кожная лялька індывідуальная, у мастачкі няма ніякіх загадзя нарыхтаваных шаблонаў.
Каркас робіцца з дроту, на яго нарошчваецца аб'ём і толькі потым з паперклею ствараюцца ўсе цвёрдыя элементы — ручкі, ножкі, твар. На стварэнне лялькі ў Кацярыны часам сыходзіць цэлы месяц.
— Вядома, калі б была магчымасць тварыць, не ўстаючы з крэсла, можна было б і за тыдні два ўправіцца. Але так як даводзіцца чакаць, пакуль некаторыя пласты высахнуць, часу сыходзіць больш. У цэлым — да месяца.
На пытанне, як сярод мітусні працоўных будняў і сямейнага жыцця знайсці час на творчасць, Кацярына з усмешкай адказвае:
— У асноўным даводзіцца тварыць пасля 10 вечара, калі хатнія ўкладваюцца. Па начах кошкі не спяць.
Убачыць работы Кацярыны Камельчык можна ў Вілейскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ганны Новік да 14 студзеня 2024 года.