ЗША працягнулі санкцыі супраць «Белавія»
Бюро прамысловасці і бяспекі (BIS) Міністэрства гандлю ЗША працягнула абмежаванні ў дачыненні да беларускай авіякампаніі «Белавія». Гэта патлумачылі тым, што беларускі перавозчык, «нягледзячы на забарону, усё яшчэ працягвае эксплуатаваць самалёты, вырабленыя ў ЗША або з выкарыстаннем мясцовых камплектуючых, на рэйсах з Беларусі ў Расію, Турцыю, Егіпет і ААЭ». Адпаведны дакумент апублікавалі на сайце BIS.
07.12.2023 / 17:20
Фота: Belavia
Пры гэтым тэрмін дзеяння санкцый павялічылі. Гэтым разам пытанне адносна іх збіраюцца пераглядаць не праз шэсць месяцаў, як раней, а праз год, то-бок у снежні 2024-га.
Пра санкцыі супраць «Белавія» амерыканцы ўпершыню аб'явілі ў чэрвені 2022 года. Іх патлумачылі «выкарыстаннем вырабленых у ЗША самалётаў у абыход абмежаванняў, устаноўленых на фоне ваенных дзеянняў Расіі на тэрыторыі Украіны».
З таго моманту «Белавія» страціла магчымасць атрымліваць для сваіх машын вытворчасці кампаній Boeing і Embraer запчасткі, а таксама карыстацца паслугамі па рамонце і абслугоўванні з ужываннем амерыканскага абсталявання.
Апошні раз перад цяперашнім рашэннем санкцыі працягвалі ў чэрвені гэтага года.
Чытайце таксама:
У беларускім Мінтрансе расказалі, чаму не купляюць расійскіх самалётаў
Розніца — да 2000 рублёў. Параўноўваем цэны на пералёты з Мінска і суседніх сталіц
У Еўропе збіраюцца навесці парадак з правозам ручной паклажы ў самалётах