Таксіст, які прыехаў на заказ, выратаваў пенсіянера ад махляроў

79-гадоваму жыхару Рэчыцы паступіў званок, нібыта яго дачка трапіла ў сурʼёзнае ДТЗ і на яе лячэнне тэрмінова патрэбныя грошы. Усхваляваны пенсіянер пагадзіўся перадаць 5 тысяч рублёў. За грашыма павінен быў заехаць курʼер, распавядае гомельская міліцыя.

06.12.2023 / 12:54

 Затрыманы хлопец. Скрын міліцэйскага відэа

У той жа дзень рэчыцкаму таксісту паступіў заказ на дастаўку пакета з райцэнтра ў Мінск. Невядомы сказаў, што нікога везці не трэба, проста забраць рэчы з пэўнага адрасу і прывезці ў сталіцу. Паабяцаў паездку шчодра аплаціць.

Ужо на месцы кіроўца таксі, пагаварыўшы з пенсіянерам, зразумеў, што працуюць ашуканцы па вядомай схеме. Мужчына патэлефанаваў сваякам пажылога чалавека, патлумачыў сітуацыю, а заказ адмяніў.

Праз некалькі месяцаў міліцыя затрымала 20-гадовага хлопца. Той распавёў, што працу курʼерам знайшоў у мэсэнджары. Усведамляў, што працуе на тэлефонных ашуканцаў, але за заказ узяўся.

Каб самому не «свяціцца», заказаў таксоўку. Але ўсё пайшло не па ягоным сцэнары.

Nashaniva.com