У Італіі пабудавалі батлейку з 240 тон пяску
Незвычайныя калядныя яслі з’явіліся ў італьянскім горадзе Асізі на плошчы каля базылікі святога Францішка, паведамляе Catholic.by.
05.12.2023 / 23:04
Скульптура «Нараджэнне». Фота: Lavoce.it
Скульптура стала падарункам уладаў прыморскага мястэчка Езола, якое знаходзіцца каля Венецыі. У гэтай мясцовасці працуюць мастакі, якія спецыялізуюцца на будаўніцтве калядных ясляў з пяску.
Скульптура мае асаблівы сэнс і значэнне, таму што сёлета спаўняецца 800 гадоў з моманту з'яўлення першай батлейкі, створанай па ініцыятыве святога Францішка Асізскага ў італьянскім мястэчку Грэчыё.
Першыя ў гісторыі калядныя яслі былі размешчаныя на схіле гары ў правінцыі Рыеці. Дагэтуль там знаходзіцца кляштар-пустэльня святога заснавальніка манаскага ордэну.
Францішканцы з Асізі з задавальненнем адзначылі, што батлейка зроблена з будаўнічага пяску, а не з пяску з пляжу, і таму зроблена ў духу павагі да прыроднага асяроддзя.
Афіцыйнае адкрыццё скульптуры адбудзецца 8 снежня.
Чытайце таксама:
Нямецкая пара паставіла ў сябе дома 555 калядных ялінак. І гэта сусветны рэкорд
«Калі варона голас падае — да адлігі». Што такое Піліпаўскі пост і што падчас яго рабіць