У Інданезіі пры вывяржэнні вулкана загінулі 11 чалавек
У раёне вулкана знаходзілася 75 чалавек. 49 чалавек удалося эвакуяваць. Многім з іх спатрэбілася медыцынская дапамога з-за апёкаў.
04.12.2023 / 09:20
Фота: Ardhy Fernando / AP
У выніку вывяржэння вулкана Марапі ў заходняй частцы інданезійскага вострава Суматра загінулі як мінімум 11 чалавек. Ратавальнікі знайшлі таксама траіх выжылых, піша Бі-бі-сі.
Яшчэ 12 чалавек, якія знаходзіліся ў раёне стыхійнага бедства, лічацца зніклымі без вестак. Іх пошукі пакуль прыпыненыя з-за меркаванняў бяспекі.
«Занадта небяспечна цяпер працягваць пошукі», — сказаў прадстаўнік выратавальнай каманды Джодзі Хар'яван, каментуючы новае невялікае вывяржэнне, якое адбылося ўжо сёння.
Маштабнае вывяржэнне вулкана Марапі на Суматры адбылося ў нядзелю днём 3 снежня.
Па даных выратавальных службаў, у раёне вулкана знаходзілася 75 чалавек. 49 чалавек удалося эвакуяваць. Многім з іх спатрэбілася медыцынская дапамога з-за апёкаў.
Вулкан выкінуў слуп попелу на вышыню 3 км. Попел накрыў некалькі вёсак. Вышыня вулкана складае 2 891 метр.
Улады Інданезіі абвясцілі другі ўзровень небяспекі ў сувязі з вывяржэннем і забаранілі жыхарам падыходзіць бліжэй чым на 3 км да кратара.
Марапі — адзін з самых актыўных вулканаў на востраве Суматра, яго самае разбуральнае вывяржэнне адбылося ў красавіку 1979 года, калі загінула 60 чалавек.
Інданезійскі архіпелаг, які складаецца з 18 тыс. астравоў, размешчаны ў так званым Ціхаакіянскім вулканічным вогненным кальцы. Сейсмічная актыўнасць у гэтай зоне амаль ніколі не спыняецца.
Чытайце таксама:
Вулкан Этна зноў актыўна вывяргае лаву
Беларускі фатограф прыляцеў у Ісландыю здымаць вяселле — а там чакаюць вывяржэння вулкана