Лібер распавёў пра памылкі і дасягненні платформы «Новая Беларусь» за год працы

«Для мяне гэты праект — вялікая надзея на тое, што наша нацыя зможа пранесці сябе ў часе цэласна і навучыцца самастойна вырашаць свае нацыянальныя праблемы».

03.12.2023 / 20:21

Павел Лібер у сябе на старонцы ў фэйсбуку падзяліўся вынікамі першага года працы платформы, якая стваралася як «лічбавая версія дэмакратычнай Беларусі».

У першую чаргу ён звярнуў увагу нядрэнны прырост аўдыторыі, хоць ён і застаецца ніжэйшым за той, якія стаяў на мэце.

Мабільную праграму спампавалі 33 тысячы карыстальнікаў, а ўся экасістэма павялічылася з 21 тысячы да 58 тысяч карыстальнікаў.

«Што важна, 52% з іх унутры краіны. Мы не лічым цалкам ананімных карыстальнікаў — іх яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч», — адзначыў Лібер.

А вось пазіцыянаванне платформы як будучай лічбавай дзяржавы ён назваў памылкай, бо карыстальнікі не разумелі, а функцыянал платформы не адпавядаў заяўленаму зместу. 

Таксама ён заўважыў, што яны моцна недаацанілі, што экасістэма нашага памеру каштуе дорага, асабліва калі гаворка ідзе пра тэхналагічную частку.

«Улетку мы патрапілі ў сур'ёзную фінансавую яму і з сярэдзіны года мы пачалі шукаць партнёраў і донараў для фінансавання грамадзянска-палітычнага слоя».

На сёння праект усё яшчэ прыкладна на 65% робіцца за ўласныя грошы, а данаты складаюць усяго 3%. Стваральнікі платформы шукаюць тое, што дазволіць павялічыць колькасць данатаў.

«Мы не ацанілі стомленасць і скепсіс людзей у парадку дня, звязаным з палітыкай і грамадзянскай супольнасцю. Сёння існуе вялікі разрыў паміж тым, што адбываецца ў палітычным полі, і тым, як гэта ўплывае непасрэдна на чалавека. І яго скарачэнне — наша важная задача», — заявіў Лібер.

Паводле ягоных словаў, праект, хоць ён працуе самастойна і незалежна, усё роўна перыядычна памылкова адносяць то да Офіса Ціханоўскай, то да Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Узніклі складанасці і з запускам беларускага аналага Revolut.

«Мы не змаглі за гэты год запусціць плацежную сістэму, таму што абодва запланаваныя варыянты партнёрстваў завіслі на год са статусам compliance check у двух еўрапейскіх партнёраў/банкаў і вісяць там дагэтуль», — патлумачыў Лібер.

Але дзякуючы ў тым ліку гэтаму, стваральнікі выразна ўсвядомілі, што «Новая Беларусь» гэта «лічбавая экасістэма для беларусаў і беларусак у краіне і за мяжой, якая дае прастору для вырашэння імі сваіх праблем і інтарэсаў.

Таму што ніхто не будзе вырашаць нашыя праблемы за нас».

Паспяховым лічаць і першы пілот падатковага праекта, бо 250 чалавек і некалькі бізнэсаў сабралі каля 42 тысяч еўра, на якія будуць рэалізаваны 2 праекты.

«[Звесткі] пра фінальныя сумы па Польшчы прыйшлі толькі цяпер і сума аказалася большай за нашыя планы».

Так выглядае платформа «Новая Беларусь»

Падатковы пілот вельмі важны, бо ён наўпрост карэлюе з місіяй платформы і паказвае, што беларусы могуць самі вырашаць свае праблемы «без чакання прынцаў і аднарогаў, якія на 150 джыпах прыедуць і ўсіх выратуюць». Лібер абяцае актыўна развіваць гэты кірунак і надалей.

«Новая Беларусь» таксама нарошчвае культурны слой праз партнёрства з мерапрыемствамі і летнімі фестывалямі, якіх сёлета было ажно 7. Сёння стваральнікі платформы заканчваюць сістэму кіравання рэгістрацыяй і продажу білетаў праз яе. Дзякуючы тэхнічнай дапамозе з'явілася byMapka, мапа беларускіх культурных славутасцяў па ўсім свеце.

«Мы нарэшце нармальна дарабілі суполкі — магчымасць для любой арганізацыі мець свой філіял на платформе. Супольнасці могуць быць дыяспаральныя, культурныя, бізнес, палітычныя і г.д. — у нас вялікія планы на развіццё гэтага функцыяналу на наступны год».

Лібер распавёў, што яны зрабілі сістэму Digital ID на аснове беларускага пашпарта з захоўваннем даных у блокчэйне, калі платформа не захоўвае ніякіх звестак. Але на падставе першых тэстаў яе давялося пераробліваць.

Таксама працягваюцца працы над медыя-агрэгатарам, які будзе збіраць навіны беларускіх медыя, лакальныя навіны, сусветныя, эвенты, відэа і інш., паказваючы гэта ўсё ў адну персаналізаваную стужку на выбранай мове. Новая магчымасць, якая будзе актыўна выкарыстоўваць штучны інтэлект, мусіць з'явіцца прыкладна ў студзені.

А вось секцыю гайдаў па пераездах плануюць адключыць, таму што за ёй цяжка сачыць. Туды дададуць GPT-памочніка пад назвай «AI Барадзед», натрэніраванага на допісах пра пераезды і вырашэнне праблем звязаных з гэтым для больш актуальнай інфармацыі і падказак.

Да сакавіка 2024 года на «Новай Беларусі» з'явяцца палітычныя суполкі — віртуальны офіс для грамадскіх і палітычных арганізацый. Ён будзе мець функцыі зваротнай сувязі, петыцый, праектны дашборд і іншае.

Усяго за 2023 год выйшла 43 абнаўленні дадатку і больш за 1340 выпраўленняў ва ўсёй экасістэме. Падтрымаць данатам-падпіскай платформу можна наўпрост унутры праграмы. 

«Кожны данат важны — мы гэта вельмі моцна адчуваем і любім кожнага нашага патрона і фундатара».

Чытайце таксама:

Афіша, сэрвісы, беларускі ютуб — дзесяць карысных сэрвісаў праграмы «Новая Беларусь»

Чаму не зайшоў ананімны тындар для беларусаў?

«Не бачыў беларусаў у такім амплуа ні разу». Павел Лібер разважае пра грошы, заможнасць і панты

Nashaniva.com