Атака Бондаравай на тарты не мела поспеху

Ленінскі РАУС Гродна праверыў акаўнт з тортамі, некаторыя з якіх былі зроблены для дарослых. Інфаказачка бачыла ў іх «прапаганду ЛГБТ», але дзяржаўныя органы ніякага правапарушэння не выявілі.

03.12.2023 / 18:58

Торт у форме пеніса, які не спадабаўся Бондаравай. Фота: інстаграм sladkiy_grodno

На вынікі разгляду свайго даносу Вольга Бондарава паскардзілася ва ўласным тэлеграм-канале. Пра гэта распавядае выданне Hrodna.life.

«Вось і цяпер намеснік начальніка АУС У.С.Вербаль чакана не здзівіў адпіскай аб тым, як у АУС адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна «не выяўлена» фактаў правапарушэння, які адносіцца да кампетэнцыі АУС, у вырабах, што рэалізуюцца піражэншчыцай Красько А. Л. 1995 г. н. МАРГ, значыць, выявіў, а АУС няма. Так і запішам: куды Міністэрству да цэлага райаддзела аблцэнтра?», — пакрыўдзілася інфаказачка.

Тарты з аголенымі людзьмі. Фота: інстаграм sladkiy_grodno

Кандытар рабіла тарты ў выглядзе мужчынскага пеніса і жартоўныя выявы аголеных людзей сталага ўзросту на торце. Вольга Бондарава напісала скаргу ў пракуратуру. Але больш за ўсё Бондараву абурыла наяўнасць вясёлкі і аднарога на дзіцячым торце. Яна перакананая, што гэта — «прапаганда ЛГБТ».

28-гадовая кандытар з Гродна, якая вяла старонку «sladkiy_grodno», была вымушана выдаліць некаторыя допісы пасля нападак прарасійскай актывісткі.

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю пасля зваротаў Бондаравай прыйшлі да высновы, што такія тарты — гэта неэтычная інтэрнэт-рэклама.

Чытайце таксама:

Прарасійскія актывісты хочуць увесці рускую мову і ў метро

Бондарава атакавала яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры

Упаўнаважаны па справах рэлігій запярэчыў Бондаравай

Nashaniva.com