«Нам трэба рыхтавацца да дрэнных навін» — Генеральны сакратар НАТА

Енс Столтэнберг у інтэрв'ю германскаму тэлеканалу Das Erste назваў сітуацыю з Украінай крытычнай. «Але мы павінны падтрымліваць Украіну як у дрэнныя, так і ў добрыя часы».

03.12.2023 / 16:48

Енс Столтэнберг. Фота: Getty Images

На думку Столтэнберга, канфлікты развіваюцца паэтапна і сённяшняя крытычная сітуацыя ва Украіне можа стаць яшчэ горшай, калі Захад не павялічыць паставак зброі.

«Нам трэба рыхтавацца да дрэнных навін», — сказаў Столтэнберг.

Кіраўнік Паўночнаатлантычнага альянсу не адказаў на пытанне, як трэба дзейнічаць Узброеным сілам Украіны ў гэтай сітуацыі. Ён лічыць, што «прыняцце гэтых складаных аператыўных рашэнняў» павінны ажыццяўляць украінскія ўлады.

У пачатку лістапада галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны прызнаў, што вайна зайшла ў тупік і баявыя дзеянні могуць абярнуцца зацяжной пазіцыйнай вайной.

З іншага боку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з надыходам зімы пачынаецца новая стадыя расійска-ўкраінскага канфлікту.

«У нас новая фаза вайны, гэта факт. Зіма як новая фаза вайны. Я б сказаў, што зімой войны вядуцца не толькі на лініі фронту, але і ўнутры гарадоў», — сказаў украінскі лідар.

Зяленскі таксама адзначыў, што хуткіх вынікаў дасягнуць не ўдаецца, аднак гэта не падстава для адступлення.

Чытайце таксама:

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны параўнаў вайну з дыстанцыяй у 100 метраў 

Данілаў: Украіна мае шалёныя поспехі на Крымскім напрамку

У Офісе прэзідэнта Украіны параілі не выносіць сітуацыю на фронце на публіку

Nashaniva.com