У Парыжы мужчына напаў з нажом і малатком на турыстаў — адзін чалавек забіты, двое паранены
26-гадовы ўраджэнец Францыі накінуўся на прахожых у Парыжы недалёка ад Эйфелевай вежы, забіў аднаго чалавека і параніў яшчэ дваіх, паведаміў міністр унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманен.
03.12.2023 / 08:54
Спачатку мужчына ўдарыў аднаго чалавека нажом, а затым паспрабаваў накінуцца на іншых мінакоў з малатком.
Нападу падвергліся турысты, загінулы быў грамадзянінам Германіі. Нападнік быў узброены нажом і крычаў «Алаху акбар», паведамляе МУС Францыі.
Пры затрыманні ён заявіў паліцыі, што засмучаны з-за гібелі мусульман у Афганістане і Палесціне, а таксама з-за сітуацыі ў сектары Газа.
Выявілася, што затрыманы знаходзіўся пад назіраннем французскіх службаў бяспекі і быў асуджаны ў 2016 годзе за падрыхтоўку нападаў. Вядома, што ён пакутаваў на псіхічныя разлады, паведаміў міністр унутраных спраў.
СМІ паведамляюць, што ён нарадзіўся ў 1997 годзе, у 2018 годзе быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі.