Двух беларускіх зуброў даставілі ў Кітай

У пятніцу зубры дастаўленыя ў Кітай і перададзеныя ў пекінскі заапарк Цынчуань.

02.12.2023 / 10:59

Зубры ў Белавежскай пушчы. Фота: Нацыянальны парк «Белавежская пушча»

Пара беларускіх зуброў з Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» дастаўлена ў Кітай, паведамляе «Спутнік» са спасылкай на Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі.

У ведамстве нагадалі, што ў ходзе афіцыйнага візіту ў Кітай у пачатку 2023 года Аляксандр Лукашэнка ў якасці падарунка перадаў сертыфікат на двух зуброў.

У пятніцу зубры дастаўленыя ў Кітай і перададзеныя ў пекінскі заапарк Цынчуань.

Там адзначылі, што паміж профільнымі міністэрствамі Беларусі і Кітая было заключана пагадненне аб ахове еўрапейскага зубра. На падставе гэтага дакумента кітайскі бок абавязваецца правільна ўтрымліваць самца і самку зубра ў паўсвабодных умовах, а таксама забяспечыць догляд за жывёламі, які адказвае ўсім ветэрынарным патрабаванням. За імі будуць назіраць, кантраляваць вагу, прыплод і паведамляць пра гэта беларускаму боку.

Цяпер у Беларусі налічваецца 11 мікрапапуляцый зубра, агульная колькасць усёй беларускай папуляцыі гэтых жывёл за апошнія 30 гадоў павялічылася ў сем разоў. Цяпер у Беларусі жывуць больш за 2600 тысячы зуброў.

Беларусь займае лідзіруючае месца ў свеце па колькасці зуброў беларускай лініі. 

Зубр занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, але на яго дазволена паляванне. Каштуе паляўнічы тур ад пяці тысяч еўра.

Чытайце таксама:

З Белавежскай пушчы выйшлі амаль усе зубры. Куды і навошта?

У Белавежскай пушчы падлічылі ўсіх зуброў

У Літве зуброў вырашылі пасяліць каля мяжы з Беларуссю

Nashaniva.com