Выйшла кніга пра знакавую этнаэкспедыцыю стогадовай даўніны
У выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў альбом-манаграфія «Забытая экспедыцыя 1923 года. Ля вытокаў акадэмічнай этнаграфіі ў Беларусі». Яе аўтары — Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч і Надзея Саўчанка.
01.12.2023 / 23:31
Кніга прысвечаная вывучэнню гісторыі падрыхтоўкі і правядзення этнаграфічнай экспедыцыі 1923 года, якая была арганізавана сумесна Інбелкультам і Галоўным архіўным упраўленнем. Сабраныя ёю экспанаты былі прадстаўленыя ў беларускім павільёне Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставы ў Маскве, а пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея.
Аснову выдання складаюць 59 фотаздымкаў экспедыцыі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Цалкам яны публікуюцца ўпершыню, да кожнага складзены разгорнуты каментар.
У кнізе прадстаўленыя гісторыя арганізацыі і правядзення экспедыцыі, працэс падрыхтоўкі да Усесаюзнай выставы і праца яе беларускага павільёна. Акрамя таго, прадстаўленыя біяграфічныя нарысы ўдзельнікаў экспедыцыі Міхася Мялешкі, Аляксандра Шлюбскага, Міколы Азбукіна і Льва Дашкевіча ды агляд развіцця беларускай савецкай этнаграфіі і фалькларыстаў у 1920-я — пачатку 1930-х гадоў.
Выданне падрыхтавана пераважна на матэрыялах фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і па публікацыях у тагачасным перыядычным друку. Кніга падрыхтаваная да 100-годдзя правядзення экспедыцыі.
Альбом-манаграфія будзе цікавы этнолагам, гісторыкам, мастацтвазнаўцам, краязнаўцам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай.
Чытайце таксама:
«Ну ты ж гісторык, распавядзі нам, што будзе далей». Як беларускія гісторыкі ператварылі піва ў каву