У гродзенскай краме малако «амаладзілі» на тыдзень звычайнай ручкай
У Гродне пакупнік заўважыў у краме малако, дату вырабу якога, як ён упэўнены, выправілі звычайнай ручкай. Чалавек, які даслаў фота і відэа ў рэдакцыю выдання Newgrodno.by, лічыць, што сутыкнуўся з нядобрасумленным падыходам да рэалізацыі прадукцыі.
01.12.2023 / 19:49
«Я хацеў купіць малако. Узяў пакет, аўтаматычна глянуў на дату вырабу. Яна мне падалася дзіўнай», — расказаў мужчына.
Лічба 22, па яго словах, на пакеце была ручкай выпраўленая на 28. І так было на ўсіх пакетах у скрыні.
«Я стаў здымаць на відэа. Персанал у краме абурыўся гэтым. Але скрыню вынеслі. Што гэта было такое?», — здзіўляецца чалавек. Паводле яго слоў, усё адбылося 30 лістапада.
Тэрмін прыдатнасці малака ў такой упакоўцы 8 дзён. І да гэтай даты, калі прадукт сапраўды вырабілі 22 лістапада, малако ўжо набліжалася да статусу «пратэрміноўкі», а праз выпраўленне прадукт «амаладзілі» амаль на тыдзень.
«Па гэтым пытанні праводзім ўнутраную праверку. Па выніках праверкі, калі будзе ўстаноўленая віна супрацоўнікаў крамы, яны будуць прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці»» — пракаментавалі Newgrodno.by сітуацыю прадстаўнікі гандлёвай сеткі.
Чытайце таксама:
Залатая смятана і дэфіцытны селядзец: па колькі беларускія прадукты прадаюць у Эміратах
У Мінску прадаецца туалетная папера за 183 рублі. Але можна знайсці і даражэйшую
Мама ў Баранавічах купіла для 9-месячнага сына печыва, а там апынуўся дрот