Пятра Парашэнку не выпусцілі з Украіны

Экс-прэзідэнт Украіны меўся ехаць у Польшчу і ЗША. З уладамі першай краіны ён збіраўся абмеркаваць зняцце блакады ўкраінскіх перавозчыкаў на мяжы, а ў ЗША — ваенную дапамогу.

01.12.2023 / 13:11

Пра выпадак Пятро Парашэнка напісаў у сваім фэйсбуку.

«У мяне падпісаная камандзіроўка старшынёй Вярхоўнай Рады, але памежнікі мяне не прапусцілі. Я далёкі ад меркавання, што памежнікі дзейнічалі па ўласнай ініцыятыве. Кожны можа сам здагадацца, хто адмяніў дакумент, падпісаны спікерам парламента», — напісаў ён.

«З палякамі я павінен быў размаўляць аб зняцці блакады нашых перавозчыкаў на мяжы. З амерыканцамі — аб забеспячэнні фінансавання ваеннай дапамогі, якая амаль вычарпалася ў гэтым годзе, пад пагрозай у будучыні. А без яе нам Расію не перамагчы», — са скрухай дадаў Парашэнка, назваўшы сітуацыю тэатрам абсурду на мяжы.

«Таму тое, што адбылося сёння на мяжы — гэта не дробнае шкодніцтва. Гэта — антыўкраінская дыверсія. Гэта не проста перашкода дыпламатычнай працы ўсёй маёй каманды а, на жаль, удар па абараназдольнасці Украіны», — рэзюмаваў Парашэнка. 

У маі мінулага года Пятро Парашэнка таксама не змог выехаць з Украіны.

Nashaniva.com