Памёр выкладчык журфака БДУ. Пасля 2020 года ён даносіў на студэнтаў

50-гадовы Уладзімір Капцаў выкладаў на журфаку БДУ рускую літаратуру. 

26.11.2023 / 20:25

Уладзімір Капцаў. Фота: тэлеграм-канал журфака БДУ

«Сумная навіна. Пайшоў з жыцця дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Уладзімір Анатольевіч Капцаў», — паведамілі ў тэлеграм-канале факультэта і выказалі спачуванні блізкім выкладчыка. 

Памёр Уладзімір Капцаў сёння, 26 лістапада. Абставіны ў афіцыйным паведамленні не прыводзяцца. На факультэце меркаванай прычынай смерці называюць інфаркт. 

Уладзіміру Капцаву было 50 гадоў, Нарадзіўся ён у Аршанскім раёне (вёска Барань), скончыў філфак БДУ па спецыяльнасці «руская мова і літаратура», а пасля атрымаў вучоную ступень кандыдата філалагічных навук. На журфаку працаваў 23 гады. На працу штодзень ездзіў электрычкай з Барысава. 

Пра лекцыі выкладчыка па рускай літаратуры былыя студэнты адгукаюцца пазітыўна, называючы іх натхняльнымі і цікавымі, а выкладчыка харызматычным.

Аднак у 2020 годзе, паводле сведчанняў былых студэнтаў, Уладзімір Капцаў, як і некаторыя іншыя выкладчыкі журфака БДУ, даносіў на пратэстна настроеных калег і студэнтаў установы, а таксама ўдзельнічаў у пастанове пра вымовы апошнім за акцыі пратэсту на факультэце.

«Апошнім часам у яго была вельмі моцная, так бы мовіць, дэпрэсія. Казалі, што нават на лекцыях выглядаў выпіўшым, а першакурснікі кпілі з гэтага», — кажуць студэнты.

Чытайце таксама:

«Калі некага са студэнтаў затрымаюць, то адразу будзе звольнены дэкан». Ідэолаг з БДУ — пра рэктара, загон на ябацінг і настроі ў дэканатах

Міністр інфармацыі параўнаў першакурснікаў журфака з баявымі штыкамі

Журфак БДУ зноў скараціў набор студэнтаў. Але дэкан хваліцца высокім прахадным балам

Nashaniva.com