Колькі можна захоўваць замарожаныя прадукты і ці можна замарожваць іх паўторна
Якія прадукты не рэкамендуюць замарожваць паўторна і наколькі карысна есці гародніну, якая захоўвалася ў лядоўні?
26.11.2023 / 18:45
На гэтыя і іншыя пытанні «Вячэрнему Гродна» адказала Наталля Марозава, доктар-гастраэнтэролаг групы кампаній «Інвітра».
Наколькі карысна ўжываць у ежу прадукты, якія прайшлі замарозку
У замарожаных прадуктах змяшчаецца менш вітамінаў, чым у свежых, але бываюць выключэнні. Напрыклад, колькасць караціноідаў (папярэднікаў вітамінаў групы А) у моркве пры замарожванні можа стаць нават вышэйшай за кошт вымарожвання вільгаці.
А вось колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, мікра– і макраэлементаў пры замарозцы не мяняецца, таму тым, хто сочыць за сваім рацыёнам і лічыць калорыі, бялкі, тлушчы і вугляводы, такі спосаб захоўвання прадуктаў падыходзіць.
Замарожаныя прадукты карыснейшыя за кансерваваныя з дапамогай дадання солі, цукру, воцату, вэнджання, адварныя або бланшыраваныя, падвергнутыя тэрмічнай апрацоўцы.
Якія прадукты нельга замарожваць паўторна
У расліннай ежы вітаміны і мінералы застаюцца практычна ў поўным аб'ёме. Замарозка часткова мяняе структуру клетак мяса і рыбы, але карысныя ўласцівасці, хоць і ў меншым аб'ёме, захоўваюцца.
Некаторая гародніна можа страціць свае смакавыя якасці: зеляніна дрэнна рэагуе на замарозку, таматы губляюць і форму, і смак, агуркі пасля замаразкі непрыдатныя да ўжывання, бульба становіцца без смаку.
Пры замарозцы зніжаецца колькасць вітамінаў у такіх прадуктах, як смятана, ёгурт, свежыя яйкі, а таксама губляецца іх аднастайная жэлепадобная кансістэнцыя.
Паўторна прадукты можна замарожваць, але ёсць верагоднасць, што іх якасць пагоршыцца. Асабліва гэта тычыцца прадуктаў, якія змяшчаюць ваду — гародніна, садавіна, зеляніна, курыца і рыба, свежае мяса. Спакойна паўторную замарозку перажывуць сала, цеста, сметанковае масла, сыравяленыя і вэнджаныя прадукты. Для захавання смакавых якасцяў рэкамендуецца вакууміраваць прадукты.
Ці псуюцца замарожаныя прадукты
У кожнага замарожанага прадукту і стравы ёсць свой тэрмін захоўвання. Напрыклад, у большасці ягад і гародніны тэрмін захоўвання не больш за 12 месяцаў.
Замарозка толькі тармозіць некаторыя працэсы ў прадуктах, а не цалкам спыняе іх.
Таму мяса (ялавічыну, цяляціну, бараніну, свініну) рэкамендуецца захоўваць пры тэмпературы не вышэйшай за мінус 18-20 градусаў і не больш за 6 месяцаў. Посную рыбу рэкамендавана захоўваць да 8 месяцаў, тлустую — да 4 месяцаў. Пры павелічэнні тэрміну захоўвання губляюцца вітаміны, пагаршаецца смак, знешні выгляд.
Ці карысная «хуткая ежа», якая ўжо гатовая пасля размарозкі ў мікрахвалевай печы
Прадукты для хуткага прыгатавання ў мікрахвалёўцы, як правіла, падвяргаюцца працяглай апрацоўцы і з'яўляюцца паўфабрыкатам з вялікім тэрмінам захоўвання. Яны не ўтрымліваюць патрэбнай колькасці вітамінаў, макра– і мікраэлементаў і звычайна ўтрымліваюць кансерванты. Таму пры куплі варта звяртаць увагу на склад, тэрміны захоўвання і вытворцу — чым больш натуральных кампанентаў і карацей тэрмін захоўвання, тым лепш.
Пры ўжыванні замарожаных прадуктаў трэба дакладна прытрымлівацца рэкамендацый па захоўванні, выконваць тэрміны прыдатнасці і правілы размарозкі. Гэта дазволіць атрымаць максімум карысці з гэтых прадуктаў і пазбегнуць праблем з органамі стрававання.