Петр Чэх стаў першым, хто згуляў у найвышэйшым дывізіёне Англіі і ў футболе, і ў хакеі
Былы галкіпер лонданскага «Чэлсі» і зборнай Чэхіі па футболе Петр Чэх дэбютаваў у Брытанскай элітнай хакейнай лізе (EIHL). Такім чынам, 41-гадовы спартсмен стаў першым, хто згуляў у найвышэйшым дывізіёне Англіі і ў футболе, і ў хакеі, піша Championat.com
26.11.2023 / 12:15
Брамнік выйшаў на лёд у складзе «Белфаст Джаянтс» у трэцім перыядзе, замяніўшы асноўнага кіпера. Яго каманда атрымала перамогу над «Глазга» з лікам 5: 1. Чэх адбіў адзін кідок.
Чэх з'яўляецца рэкардсменам па колькасці «сухіх» матчаў у Англійскай прэм'ер-лізе (АПЛ). За «Чэлсі» (2004—2015) былы гулец правёў 494 матчы ва ўсіх турнірах. У складзе лонданскага «Арсенала» (2015—2019) Чэх згуляў у 139 сустрэчах. Брамнік завяршыў гульнявую кар'еру футбаліста ў 2019 годзе.
У кастрычніку 2006 года ў матчы супраць «Рэдынга» ў выніку сутыкнення са Стывенам Хантам ён атрымаў вельмі цяжкую траўму галавы, пасля чаго быў вымушаны выступаць у спецыяльным шлеме, у выніку чаго атрымаў мянушку «Танкіст».
Петр Чэх у фінале турніра Ліга Еўропы «Арсенал» — «Чэлсі» ў Баку ў маі 2019 года. «Чэлсі» тады перамог 4:1. Фота: Luca Bruno / AP
«Белфаст Джайантс» — чацвёрты клуб у хакейнай кар'еры былога футбольнага галкіпера. Да гэтага Чэх выступаў таксама за «Гілфард Фенікс» і «Чэлмсфард Чыфтэйнс» з ніжэйшых дывізіёнаў.
Чытайце таксама:
Шаранговіч закінуў шайбу, зрабіў два галявыя асісты і дапамог «Калгары» перамагчы «Далас»
ІІХФ уключыла хакейныя зборныя Беларусі і Расіі ў раскладку Алімпіяды-2026. Пры адной вядомай умове