«На 3-5 градусаў ніжэй за норму». Якое надворʼе чакае беларусаў

Прырода перакіне жыхароў Беларусі «на месяц наперад». Сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 3-5 градусаў ніжэйшай за норму. Пра гэта сіноптык Дзмітрый Рабаў распавёў на АНТ.

26.11.2023 / 10:25

Гэты тыдзень, паводле яго слоў, будзе не толькі марозным, але і снежным — да канца тыдня вышыня снежнага покрыва складзе ад чатырох сантыметраў у Брэсце да трыццаці ў Віцебску.

Панаваць у краіне будзе чарнаморскі цыклон. У панядзелак, 27 лістапада, на большай частцы тэрыторыі чакаецца снег, але найбольш яго выпадзе па ўсходзе краіны. Уначы тэмпература апусціцца месцамі да -9, а па поўначы да -12. Днём пацяплее — будзе ад -1 да -7, у аўторак — ад -2 да -8 градусаў, у сераду на градус вышэй — ад -1 да -7.

Сонейка прагляне ў другой палове тыдня, але невялікі кароткачасовы снег усё ж прагназуецца. Уначы моцна пахаладае — ад -6 градусаў па поўдні да -15 па паўночным захадзе.

— Днём у чацвер тэмпература паветра складзе -2…-9 градусаў, у пятніцу — ад -2 да -12, — распавёў Рабаў.

Першыя выхадныя зімы будуць снежнымі. Уначы чакаецца да -15, днём у суботу — ад -4 да -9, у нядзелю — ад -3 да -10 градусаў.

Nashaniva.com