Губернатар Прымор'я расказаў, як разам з Лукашэнкам спрабаваў ажаніць Рамана Пратасевіча з Сафіяй Сапегай
Губернатар расійскага Прыморскага краю Алег Кажамяка расказаў, што нібыта разам з Лукашэнкам прапаноўваў Сафіі Сапезе пабрацца шлюбам з Раманам Пратасевічам. Маўляў, была ідэя спачатку іх пажаніць, а пасля памілаваць, але Пратасевіч адмовіўся ад гэтай прапановы.
24.11.2023 / 10:55
«Я размаўляў з гэтай дзяўчынкай (Сапегай), якую дапамаглі выцягнуць з турмы, якія былі ў яе мэты. Проста закахалася ў хлопца гэтага (Пратасевіча). Ён яе кінуў.
Я з Аляксандрам Рыгоравічам (Лукашэнкам) размаўляў, мы прапанавалі ім ажаніцца і выпусціць іх, але ён (Пратасевіч) ад яе адмовіўся. Цяпер яна перахрысцілася, дзякуй богу, жыве з бацькамі, і ўсё ў яе добра», — сказаў Кажамяка на пасяджэнні Міжнароднага моладзевага дыскусійнага клуба «Ціхаакіянскі гарызонт» у далёкаўсходнім Федэральным універсітэце ў пятніцу.
Сафія Сапега, якая была адміністратаркай «Чорнай кнігі Беларусі», была затрыманая разам з адным з заснавальнікаў тэлеграм-канала Nexta Раманам Пратасевічам у траўні 2021 года пасля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair у мінскім аэрапорце. Пратасевіча ўрэшце асудзілі на 8 гадоў зняволення, а Сапегу — на 6. Абое супрацоўнічалі са следствам і былі ў сярэдзіне 2023 года памілаваныя. Забіраць грамадзянку Расіі Сафію Сапегу з Гомельскай жаночай калоніі прыязджаў асабіста Алег Кажамяка, бо яна паходзіць з Прыморскага краю.
Рамантычныя адносіны паміж Пратасевічам і Сапегай распаліся неўзабаве пасля арышту, а ў траўні 2022 года Пратасевіч заявіў, што ўжо жанаты з іншай жанчынай.
Чытайце таксама:
Сафію Сапегу памілавалі без хадайніцтва на імя Лукашэнкі — адвакат