Экс-палітвязня, якога судзілі за надпіс «Света, я вас кахаю», перазатрымалі

Аляксандра Плескацэвіча з Ляхавіцкага раёна спачатку асудзілі па адміністрацыйнай справе, а потым затрымалі па крымінальнай справе.

23.11.2023 / 14:24

Мужчыну ў снежні 2021 года асудзілі да 2 гадоў «хіміі» паводле арт. 339 КК («Хуліганства») за тое, што пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — «Света, я вас кахаю». Свой тэрмін Аляксандр скончыў адбываць у лютым 2023 года, піша «Вясна».

Пасля вызвалення мужчыну затрымалі па адміністрацыйнай справе. Яго асудзілі на 10 сутак за тое, што ён «у нявызначаны час з 16 па 27 лютага нанёс на 7 вокнаў і вугал фасада дома бела-чырвона-белую сімволіку».

Цяпер стала вядома, што мужчына затрыманы ўжо ў межах новай крымінальнай справы. Яго абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч.1 арт.130-1 КК) і «хуліганстве» (ч.2 арт.339 КК).

Справу будуць разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 28 лістапада. Суддзёй прызначаны Андрэй Сіз.

Nashaniva.com