Валанцёры выратавалі беларуса з рабства ў Расіі і вярнулі яго да родных у Магілёў

Сяргей Бульбянкоў два гады правёў у рабстве ў цыган у Татарстане, бадзяўся па Маскве, не маючы грошай і дакументаў, пакуль яму не дапамаглі валанцёры руху «Альтэрнатыва», якія распавялі гэту гісторыю.

23.11.2023 / 11:37

 Сяргей Бульбянкоў. Фота: Рух «Альтэрнатыва»

Сяргею Бульбянкову 60 год. У лютым 2021 года ў Бабруйску мужчыне прапанавалі працу. Ужо на той момант пашпарт Сяргея быў згублены, але яму прапанавалі дапамогу ў аднаўленні дакументаў, абяцалі заработную плату, за гэта прасілі «крыху папрацаваць».

У выніку, са слоў самога Сяргея, яго без грошай і дакументаў прывезлі ў расійскі Татарстан. У горадзе недалёка ад Казані ён жыў і працаваў у цыганскай сямʼі — глядзеў за быдлам, касіў сена, дапамагаў па хаце. Ад пытанняў аб зарплаце і заканчэнні работ «працадаўцы» пазбягалі, абяцаючы, што ўсё абавязкова выплацяць.

Куды бегчы, мужчына таксама не ўяўляў, таму, як ён сам распавёў, нават пачаў прывыкаць да жыцця ў цыганскай сямʼі і ўжо быў упэўнены, што там будзе працаваць да канца сваіх дзён.

Аднак праз два гады «працадаўцы» нечакана купілі яму білет на цягнік і адправілі ў Маскву.

Там беларус апынуўся зусім адзін і па-ранейшаму без дакументаў і грошай. Зноў стаў лёгкай нажывай для вярбоўшчыкаў і трапіў у «працоўны дом». Адтуль ён збег, але ён зноў застаўся на вуліцы.

Мужчына прасіў грошай на квіток у Беларусь, начаваў у падʼездах.

Інфармацыю пра Сяргея адзін з масквічоў паведаміў у «Альтэрнатыву». Некалькі дзён у валанцёраў, якія якраз і займаюцца праблемай рабства, заняло афармленне часовага дакумента. Пасля гэтага Сяргей змог зʼехаць назад у Беларусь.

У Магілёве ў яго жывуць родныя. «Цяпер ён ужо дома, і з ім усё ў парадку», — пішуць валанцёры.

Nashaniva.com