Аўтары кнігі за 150 еўра шукаюць валанцёраў для перакладу. Беларусы ў адказ абурыліся
Некалькі месяцаў таму беларускія фатографы выдалі кнігу «Кут» са здымкамі родных краявідаў. Паставілі цану ў 150 еўра за экзэмпляр, прадалі ўжо 400 кніг. А потым абвясцілі пра пошук валанцёраў з досведам, каб тыя бясплатна пераклалі матэрыялы для кнігі — і Х (былы твітар) выбухнуў.
22.11.2023 / 18:47
Фота: скрын з youtube.com
Усё пачалося 19 лістапада з паста Славы Мазая, аднаго з фатографаў: «Прывет! Я напісаў велізарны матэрыял пра тое, як мы рабілі КУТ. Там 17 (!) не вельмі вялікіх частак. Напісаў я яго па-руску. Нам патрэбная дапамога ў перакладзе гэтага матэрыялу на беларускую мову і англійскую мову. Патрэбныя валанцёры. Калі хтосьці мае рэлевантны досвед і можа дапамагчы, пішыце!»
Карыстальнікі Х абурыліся твітам Мазая. Іх здзівіла тое, што каманда падрыхтавала якаснае выданне і прадае яго за вялікія грошы, але пры гэтым жадае ашчадзіць на працы перакладчыкаў. Знайшлася і карыстальніца, якая сама заплаціла за кнігу буйную суму:
«Хлопцы, я набыла ў вас кнігу за 190 еўра (150 + дастаўка да Партугаліі 40). І такіх, як я, ужо сотні. Яшчэ раз дзякуй за гэту прыгажосць, але можа ўсе ж такі гэта годныя грошы, каб наймаць добрых спецыялістаў і па заслугах аплочваць іх працу?»
Іншыя каментатары проста абураліся тым, што фатографы шукаюць валанцёраў-перакладчыкаў:
«Кнігі на беларускай і ангельскай будзеце бясплатна раздаваць?»
«Кнігу прадаюць па 150 еўра, а для перакладу шукаюць валанцёраў… Цудоўны бізнэс… Наш проста…»
«Вы там *** далі працаваць на вас бясплатна? Значыць і якасць будзе такая ж».
«Той час, калі рэпутацыю можна згубіць адным пастом».
У каментарах засвяціўся карыстальнік з Расіі, які прадставіўся супрацоўнікам перакладчыцкага бюро. Паводле яго слоў, такі пераклад каштаваў бы не больш за пару тысяч расійскіх рублёў (некалькі дзясяткаў еўра) за мову. І гэта гаворка пра 17 паўнавартых старонак, а не «не вельмі вялікіх частак», як напісаў Слава.
Таксама карыстальнікі прапаноўвалі хлопцам звярнуцца да машынных перакладчыкаў або жартавалі пра тое, у якіх іншых сферах можна шукаць валанцёраў:
«Dobry vałancior tolki u Google translate. Za paru tałeraū moža vylazuć inšyja».
«Патрэбныя валанцёры для працы кур’ерамі, дастаўкі дранікаў, можна на сваім транспарце, веданне беларускай і ангельскай мовы вітаюцца».
«Патрэбныя працадаўцы-валанцёры для пераводу заробка на картку».
«Вось тут я трошкі пад***еў, канешне, мда… Прадаваць кнігі за 150€ за экземпляр і шукаць ВАЛАНЦЁРАЎ для перакладу… Такое адчуванне, што ў вас не кніга сумных фотак з дронаў для настальгуючых праграмістаў, а нейкая важная сацыяльная ініцыятыва!»
«Патрэбныя валанцёры для лайкання маіх твітоў на беларускай і іншых мовах. Калі хтосьці мае рэлевантны вопыт і можа дапамагчы, пішыце!»
Міма гісторыі з фотакнігай за 150 еўра не прайшоў і вядомы беларускі фатограф Сяргей Гудзілін — ён намякнуў на выданні нашмат больш вядомых фатографаў, чым аўтары «Кута». А блогер Джыпсінкоў выдатна ўсё гэта падсумаваў:
«Наша Ніва» хацела абмеркаваць пошук валанцёраў для перакладу з самім Славам Мазаем, але ён не адказаў на наша паведамленне. Іншыя аўтары кнігі на момант публікацыі тэксту нам таксама не адказалі.
Беларускі фатограф прыляцеў у Ісландыю здымаць вяселле — а там чакаюць вывяржэння вулкана
Чароўны свет беларускіх павукоў: такімі вы іх яшчэ не бачылі ФОТЫ