Беларускія касманаўткі, якія рыхтуюцца да палёту на МКС, адпрацавалі няштатную пасадку на ваду
Марына Васілеўская і яе дублёр Анастасія Лянкова рыхтуюцца да палёту на МКС. Сёння яны адпрацавалі дзеянні на выпадак прызямлення на водную паверхню, таксама для іх зымітавалі эвакуацыю на верталёце, паведамляе РИА Новости.
22.11.2023 / 13:36
Трэніроўка прайшла ў гідралабараторыі, паколькі ўмовы надворʼя не дазволілі правесці яе на адкрытай прасторы.
У канцы мая 2023 года стала вядома, што праходзіць падрыхтоўку да касмічнага палёту будуць дзве беларускі — бортправаднік авіякампаніі «Белавія» Марына Васілеўская (як асноўны кандыдат) і хірург РНПЦ дзіцячай хірургіі Анастасія Лянкова (дублёр).
Плануецца, што расійскі карабель «Саюз МС-25» стартуе 13 сакавіка 2024 года.
Камандзірам экіпажа, як анансуецца, стане ўраджэнец Беларусі Алег Навіцкі. Таксама на Міжнародную касмічную станцыю адправіцца астранаўт НАСА Трэйсі Дайсан.
Падчас 12-сутачнага палёту касманаўты павінны будуць выконваць навуковую праграму, распрацаваную НАН Беларусі і дзяржкарпарацыяй «Раскосмас» з удзелам РАН.