У Санкт-Пецярбургу затрымалі спевака, які спаліў пашпарт. Яго прымусілі выбачацца на відэа
У чэрвені спявак, які знаходзіўся ў Арменіі, спаліў свой расійскі пашпарт і падзяліўся гэтым у сацсетках. Спявак заяўляў, што не лічыць сябе грамадзянінам РФ і хоча з'ехаць у Кіеў.
22.11.2023 / 10:18
Затрыманы па прылёце ў Расію спявак Шарлот на камеру выбачыўся за тое, што спаліў расійскі пашпарт. Відэа, на якім музыка, як мяркуецца, знаходзіцца ў аддзяленні паліцыі, апублікавала «Ліга бяспечнага інтэрнэту», якая раней напісала на Шарлота данос, піша Sota.
«Асечка ў разуменні таго, што адбываецца. (…) Памылкова захапіўся ілжывай інфармацыяй. Прабачце, больш так не буду».
У чэрвені спявак, які знаходзіўся ў Арменіі, спаліў свой расійскі пашпарт і падзяліўся гэтым у сацсетках. Спявак заяўляў, што не лічыць сябе грамадзянінам РФ і хоча з'ехаць у Кіеў.
Пазней выканаўца абвясціў аб жаданні вярнуцца на радзіму і апублікаваў квіткі з часам прылёту.
Шарлоту можа пагражаць да пяці гадоў зняволення за спальванне пашпарта РФ і антываенныя выказванні.
Шарлот (Эдуард Валер'евіч Шарлот, 1988, Самара) — расійскі кампазітар, музыкант, спявак, аўтар песень і акцёр. Першую вядомасць атрымаў дзякуючы каверам на песні гурта «Пошлая Молі»; затым — пасля ўдзелу ў шоу «Песні на ТНТ». Пазней стала вядомая песня «Шчака на шчаку», з якой артыст выступаў на шоу «Вячэрні Ургант»; таксама распаўсюдзілася песня-джынгл, напісаная Шарлотам для рэкламы «Мегафона». У сакавіку 2020 года быў выпушчаны сумесны сінгл з Моргенштэрнам пад назвай «Малышка».