Грузія, Казахстан і нават Люксембург маюць рэальны шанец прабіцца на Еўра-2024

Каманды не змаглі прабіцца на чэмпіянат Еўропы па футболе падчас адборачнага турніру, але маюць шанец трапіць на кантынентальнае першынство праз стыкавыя матчы Лігі нацый.

21.11.2023 / 08:40

Зборная Казахстана фінішавала ў сваёй групе трэцяй, але мае шанец у сакавіку трапіць на Еўра-2024. Фота: Sport.kz

Грузія фінішавала ў групе А на 4-м месцы, прапусціўшы наперад Іспанію, Шатландыю і Нарвегію. Тут на Еўра па выніках адборачнага турніру едуць Іспанія і Шатландыя, а Нарвегія з Эрлінгам Холанам наогул скончыла барацьбу.

Казахстан у сваёй групе змагаўся да апошняга і скончыў адбор трэцім з 18 баламі ў групе H (тут прамыя пуцёўкі на кантынентальнае першынство атрымалі Данія і Славенія). Столькі ж (18 балаў) набрала Фінляндыя.

Люксембург у групе з Партугаліяй, Славакіяй, Босніяй, Ісландыяй і Ліхтэнштэйнам фінішаваў трэцім.

Але Казахстан, Грузія, Люксембург і Фінляндыя маюць шанец прабіцца на Еўра-2024 праз стыкавыя матчы Лігі нацый (турнір заснаваны УЕФА некалькі гадоў таму). 

Гэта 11 камандаў (Польшча, Эстонія, Фінляндыя, Украіна, Ісландыя, Ізраіль, Боснія, Грузія, Казахстан, Люксембург, Грэцыя), якія паказалі добрыя вынікі ў тым турніры.

Сёння таксама вызначыцца, Харватыя ці Уэльс атрымаюць прамую пуцёўку на Еўра-2024, а хто будзе прабівацца праз стыкі Лігі нацый.

Зборная Беларусі ў дывізіёне С (трэці з чатырох па моцы) Лігі нацый выступіла жахліва: заняла апошняе месца за Казахстанам, Славакіяй і Азербайджанам і будзе ў сакавіку 2024 года наогул змагацца за права застацца ў ім з камандай Літвы.

Сёння позна ўвечары каманды канчаткова размяркуюцца па «шляху А», ці «шляху B» (у кожным па чатыры каманды). 

Формула наступная: паўфіналы і фінал. На Еўра-2024 трапляе толькі пераможца.

«Шлях С» ужо сфармаваны: Грузія згуляе дома з Люксембургам, а Грэцыя дома з Казахстанам. Пераможцы паўфіналаў сустрэнуцца паміж сабой і вызначаць зборную, якая едзе на чэмпіянат Еўропы.

Канчатковыя ўдзельнікі шляхоў А (сюды ўжо трапіла Эстонія) і B (сюды трапілі Ізраіль і Боснія) стануць вядомыя позна вечарам. Стыкавыя матчы пройдуць у сакавіку.

Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня 2024 года ў Нямеччыне.

Вызначыліся 20 з 24 зборных, якія возьмуць удзел у чэмпіянаце Еўропы наступным летам. Гэта Нямеччына (гаспадыня спаборніцтваў), Іспанія, Шатландыя, Францыя, Нідэрланды, Англія, Італія, Турцыя, Албанія, Чэхія, Бельгія, Аўстрыя, Венгрыя, Сербія, Партугалія, Славакія, Румынія, Швейцарыя, Данія, Славенія.

Чытайце таксама:

Італія, Славенія і Чэхія згуляюць на чэмпіянаце Еўропы па футболе

Зборная Партугаліі скончыла адборачны турнір са стопрацэнтным вынікам і фантастычнай розніцай мячоў

Францыя размазала Гібралтар з лікам 14:0

Nashaniva.com