Яе называлі палескай ластаўкай
Сёння магло споўніцца 75 гадоў паэтцы Яўгеніі Янішчыц, але амаль у гэтыя дні 35 гадоў таму яна трагічна загінула.
20.11.2023 / 08:13
«Палескай ластаўкай» Яўгенію Янішчыц назваў Генадзь Бураўкін. Яна сапраўды выклікала такое ўражанне — імклівая, уражальная, узнёслая. Якраз такой я ўбачыла яе ўпершыню на філфаку БДУ, які месціўся тады на Чырвонаармейскай вуліцы, амаль насупраць тагачаснай Ленінскай бібліятэкі, піша Алена Руцкая ў «Звяздзе».
Было гэта ў верасні 1966 года. Паступаць у той год было складана — адразу два выпускі: пасля адзінаццаці і дзесяці гадоў навучання, а яшчэ тыя, што не прайшлі ў папярэднія гады. Да таго ж прыйшла цэлая хваля тых, хто, кажучы па-сучаснаму, «засвяціўся» на старонках «Піянера Беларусі» і «Бярозкі». Сярод іх — і Жэня Янішчыц, і Алесь Разанаў, і Яўген Хвалей, і Віктар Ярац, і аўтарка гэтых радкоў, і шмат хто яшчэ. Ведаючы адно аднаго па публікацыях і прозвішчах, пачалі знаёміцца на першых занятках. Пазаймаліся ўсяго два дні (1 верасня ў той год прыпала на чацвер), а на суботу нас адпусцілі ехаць па цёплае адзенне, абвясцілі, што паедзем капаць бульбу ў калгас каля Кунцаўшчыны.
Помніцца, што дом, дзе пасялілі мяне і маю аднакурсніцу Аню Розум, меў вялікую зашклёную веранду, і мы бавілі там час пасля працы.
Жэня прыходзіла да нас. У яе быў прыгожы голас, і ёй тады падабалася песня, дзе былі словы: «Што ж ты мне сэрца параніў, мой найдарожшы на свеце?» Якраз на гэтыя радкі і «заляцеў», як мы пасля жартавалі, да нас Юрка Голуб. А з ім Мар’ян Дукса і яшчэ нехта са старшакурснікаў. Дасціпна і з гумарам Юрка цэлы вечар распавядаў нам пра вучобу, пра выкладчыкаў, пра літаб’яднанне «Узлёт». Праўда, прыём у літаб’яднанне абмалёўваў як страшылку. Казаў, што трэба будзе прачытаць дзесяць вершаў, што іх будуць строга абмяркоўваць, і калі большасць спадабаецца, то прымуць. Але пасля сам не вытрымаў свайго пагрозлівага аповеду і разрагатаўся. Жэня ж праз некалькі дзён прынесла нататнік з вершамі, бо мы для сябе вызначылі, што вершы чытаць, напэўна ж, будзем. А з таго яе сшытка смела можна было чытаць усё.
З тых нашых кунцаўшчынскіх вячорак і пазнейшых не вельмі частых сустрэч у інтэрнаце, на пасяджэннях літаб’яднання «Узлёт», на розных імпрэзах, на вечарынах у доме Саюза пісьменнікаў у мяне склалася ўражанне, што галоўнай у Жэніным жыцці была не яна, а яе паэзія. Паэзія кіравала яе думкамі, учынкамі, захапленнямі. Яна слугавала сваёй музе.
Некалькі разоў мне даводзілася назіраць, як натхненне апаноўвала яе, зацямняючы рэчаіснасць, і яна «выпадала» з размовы, а ў позірку адбівалася не рэальнасць, а тыя вобразы, што дыктавалі прынесеныя натхненнем паэтычныя радкі. Згадваецца, як аднаго разу мы рыхтавалі чарговую факультэцкую насценную газету «Філолаг». Так называліся склееныя вялікія лісты ватмана, дзе размяшчаліся студэнцкія нататкі, апавяданні, вершы, гумарэскі і інш., аздобленыя малюнкамі, фотаздымкамі, калажыкамі.
Калі гэты «палетак», як жартаваў прафесар Міхась Ларчанка, вывешвалі на сцяне, то каля яго некалькі дзён збіраўся ладны натоўп. Тым разам мы засталіся пасля заняткаў з Жэняй дапамагаць дааформіць газету. Я добра пісала плакатным шрыфтам, а таму афармляла загалоўкі. Пятро Пабока смяшыў нас нейкімі байкамі. Жэня наклейвала здымкі і раптам застыла, пасля ўзяла аловак, нешта запісала на лістку, перамясціла свой здымак і на вызваленым месцы ўжо аўтаручкай дапісала свой новы верш. Яна жыла творчасцю, паэзіяй, відаць, таму і хлопцы, якія ёй падабаліся, былі з паэтычнай кагорты.
Пішучы гэтыя радкі, прыгадала прачытанае ў кнізе Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас»: «Я толькі нядаўна для сябе знайшла тую простую ісціну, якую ведаў паэт Максім Багдановіч… Кожны творца працуе для сябе, для сваёй ціхай радасці, каб спраўдзіць сябе перад сабой, каб быць сабой. Калі я нарэшце гэта ўсвядоміла і засвоіла, мяне перасталі кранаць зняважлівыя ацэнкі людзей, якія рвуцца ў першы шэраг па спінах сваіх папярэднікаў».
Падумалася, што Жэня напоўніцу гэтай ісціны для сябе не адкрыла. Яна спраўджвала сябе перад сабой, але, асабліва ў студэнцкія гады, яе радаваў кожны напісаны верш, і ёй хацелася дзяліцца гэтай радасцю. Купляла газеты і часопісы, у якіх былі яе творы, і часам дарыла іх з аўтографамі, калі адчувала шчырую зацікаўленасць. А вось думкі іншых, адносіны, «незычлівыя ацэнкі» краналі яе, па маім меркаванні, заўсёды, нават калі вонкава гэтага не было відаць. У вершах жа, напоўненых спавядальнай задушэўнасцю, яна не баялася пісаць пра свой боль, шчыра і даверліва раскрываючы пачуцці, перажыванні, душэўны стан.
Пасля заканчэння ўніверсітэта мы бачыліся найперш на пісьменніцкіх імпрэзах. Толькі аднойчы сустрэліся каля былога нашага корпуса на Чырвонаармейскай вуліцы. Я ўбачыла Жэню, калі выйшла з бібліятэкі. Яна накульгвала, аказалася, што ў боціку зламаўся абцас, і павярэдзіла нагу. Дапамагла дайсці ёй да кватэры [Яўгенія Янішчыц тады жыла ў доме непадалёк ад вугла Чырвонаармейскай і Ульянаўскай — НН].
Да гэтага, хоць і мела запрашэнні, мне пабыць у яе не даводзілася. Адразу зразумела, чаму няўтульна было ёй тут. Пакоі нібы ўціскаліся ў зямлю. Дзень быў пахмурны, і ў кватэры было змрочна, непрыветна. Жэня заўважыла маё ўражанне і сумна сказала: «Вось так і жыву».
Уключыла святло, але ўтульней ад гэтага не стала. Мы папілі кавы, парасказвалі адна адной, што ведалі пра жыццё нашых аднакурснікаў. Я праз два тыдні павінна была прыехаць на нейкі метадычны семінар. Дамовіліся сустрэцца. Перспектыва хутка зноў убачыцца робіць развітанне лёгкім. Верылася, што вернецца яшчэ Жэніна пара любові і мінецца пара жалю. Але спадзяванні так і не спраўдзіліся.
Яўгенія Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў Рудцы Пінскага раёна. Скончыла філфак БДУ, пабралася шлюбам з Сяргеем Панізнікам і пару год жыла ў Чэхаславакіі, але яны разышліся. Янішчыц вярнулася ў Мінск, адна выхоўвала сына. Працавала літкансультанткай у газетах «ЛіМ» і «Сельская газета», загадчыцай аддзела паэзіі часопіса «Маладосць».
Аўтарка зборнікаў лірыкі «Снежныя грамніцы», «Дзень вечаровы», «Ясельда», «Пара любові і жалю», «Каліна зімы». Выйшаў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга святла» (1988).
Трагічна загінула 25 лістапада 1988 года, сарваўшыся з балкона восьмага паверха новай кватэры на Старажоўскай. Паводле афіцыйнай версіі, яна вешала адзенне і не ўтрымалася.