Украіна ўвяла санкцыі ў дачыненні да праўладнага актывіста Аляксея Талая і яго фонда
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў два ўказы аб увядзенні ў дзеянне рашэнняў СНБА аб санкцыях. Указам уводзяцца абмежаванні на пяць гадоў супраць 100 фізічных асоб і 37 юрыдычных асоб. Санкцыі ўведзены ў дачыненні да беларускага праўладнага актывіста Аляксея Талая, а таксама супраць яго фонду.
19.11.2023 / 09:30
Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджвае Аляксея Талая. Фота: БЕЛТА
Патрапілі ў спіс таксама дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрый Мезенцаў і ўпаўнаважаная па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыя Львова-Бялова.
МЗС Украіны даручана праінфармаваць кампетэнтныя органы ЕС, ЗША і іншых краін аб прымяненні санкцый і «паставіць перад імі пытанне аб увядзенні аналагічных абмежавальных мер».
З Украіны ў Расію за час вайны былі дэпартаваныя, паводле ўкраінскага боку, больш за 16 тысяч дзяцей. За незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў РФ Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і Львовай-Бяловай.
У дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей таксама ўдзельнічае Беларусь. Сюды дзяцей вывозяць нібыта на «аздараўленне». Займаецца гэтым па даручэнні Лукашэнкі фонд Талая, а таксама Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.
Супраць Лукашэнкі Украіна санкцый не ўводзіла.