Рэцэпт мінскай шасцікласніцы ўвайшоў у меню сталічных школ у новай чвэрці
У канцы мінулага навучальнага года ў сярэдняй школе № 26 вырашылі правесці конкурс відэарэцэптаў для школьнай сталовай «Смачна для ўсіх». Такім чынам ва ўстанове хацелі звярнуць увагу дзяцей на важнасць рэгулярнага здаровага харчавання.
18.11.2023 / 18:21
Школьнікі прапаноўвалі свае распрацоўкі — аўтарскія рэцэпты. Камусьці дапамагалі бацькі. Галоўнай умовай стала карыснасць прадуктаў, а таксама, каб страву можна было выкарыстоўваць у дзіцячым харчаванні, пішуць Мінск-навіны.
Што прапаноўвалі ўключыць у школьнае меню самі вучні? Шматкі кукурузныя з малаком, блінцы з вяндлінай і сырам, салату з мандарынамі, спагецці з курыцай у белым соусе і нават панкейкі.
Але перамог рэцэпт шасцікласніцы Дыяны Каменевай.
— Ні для каго не сакрэт, што любімая страва ўсіх дзяцей — нагетсы, — распавяла Дыяна. — Быццам бы не зусім здаровая ежа, але я прапаную гатаваць іх не ў фрыцюры, а ў духоўцы.
Для нагетсаў спатрэбяцца філе, яйка, соль, папрыка, кропелька алею і паніровачныя сухары.
— Камбінат школьнага харчавання абвясціў, што гэта страва ўвайшла ў меню школьных сталовых у другой чвэрці. Мы нават не чакалі, — заўважыла намеснік дырэктара школы Таццяна Вярэціна. — Вядома, дзеці шчаслівыя, што могуць паўплываць на разнастайнасць страў. Для іх важна, каб меню змянялася, з'яўляліся навінкі.