У Табарах пад Мінскам ужо прадаюцца сапраўдныя жывыя ялінкі
Для многіх жывая ялінка — гэта сямейная традыцыя. Аднак ссечанае дрэва нават пры належным доглядзе будзе радаваць знешнім выглядам і пахам не больш за пару тыдняў.
18.11.2023 / 17:56
На рынку «Новы Лебядзіны» ўжо прадаюцца жывыя ялінкі ў гаршках. Гэта выдатная альтэрнатыва не толькі штучнай ялінцы, але і ссечанай, паведамляецца ў інстаграм-акаўнце рынка.
Для многіх жывая ялінка — гэта сямейная традыцыя. Аднак ссечанае дрэва нават пры належным доглядзе будзе радаваць знешнім выглядам і пахам не больш за пару тыдняў. А пасля святаў ялінку трэба ўтылізаваць, аддаўшы на перапрацоўку.
Фота з інстаграм-акаўнта рынка «Новы Лебядзіны» ў Табарах
Тым, хто любіць сапраўдныя ялінкі, але супраць высечкі (нават легальнай), падыдзе варыянт у гаршку − прычым гэта можа быць не толькі ялінка, але і сасна, туя або ядловец.
Калі надакучыць трымаць такое дрэва дома, яго можна высадзіць у грунт.
У жывой ялінцы на навагодняе свята ёсць некалькі пераваг.
Жывая елка прыемная навобмацак. Да натуральнай ігліцы нашмат прыемней дакранацца, чым да пластмасавай. Многія думаюць, што ў жывой ялінкі вельмі калючыя іголкі, але на самой справе ёсць віды, якія маюць пяшчотную мяккую ігліцу, ды яшчэ і з цікавым пералівам.
Карысныя ўласцівасці. Дзякуючы эфірным маслам, якія змяшчаюцца ў ігліцы, вы забудзецеся на галаўны боль і перадсвяточнае напружанне.
Эканомія месца. Штучныя ялінкі доўгі час праводзяць у кладоўцы або ў шафе, займаючы немалую прастору. Жывыя саджанцы можна лёгка пасадзіць, калі пацяплее, і яны яшчэ доўгія гады будуць радаваць вас сваёй дэкаратыўнасцю.
Ёсць ялінкі па 120 рублёў. А ёсць і кампактныя варыянты — 25 рублёў.