Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай адправілі на суткі за «экстрэмісцкія матэрыялы»

8 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля суддзя Алеся Восіпава пакарала Аляксандра Канеўскага адміністрацыйным арыштам на 15 сутак па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

17.11.2023 / 13:12

У пастанове суда ў віну Аляксандру ставілася тое, што «ў месенджары Telegram шляхам адпраўкі асабістага паведамлення ажыццявіў распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі ў выглядзе артыкула з супольнасцяў […], уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша «Вясна».

Аляксандр — сын вядомай палітзняволенай грамадскай актывісткі з Гомеля Таццяны Канеўскай, якая ўжо трэці год знаходзіцца за кратамі.

Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычным заканадаўстве ў якасці прадстаўніцы ініцыятывы «Матчын рух 328». Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. У парламенцкіх выбарах-2019 яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты.

Таццяна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Яе затрымалі за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў, 6 жніўня 2020 года, і выставілі абвінавачванні па двух артыкулах:

У маі 2021 года яе асудзілі на шэсць гадоў турмы ва ўмовах строгага рэжыму.

Nashaniva.com