Доктара і «Чалавека года Віцебшчыны» паўторна арыштавалі на 15 сутак

Першы раз Аляксандру Ганчарову прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у сярэдзіне кастрычніка.

16.11.2023 / 09:44

Аляксандр Ганчароў

Суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебска Уладзімір Царыкаў 2 лістапада за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у сацыяльнай сетцы паўторна арыштаваў на 15 сутак «Чалавека года Віцебшчыны — 2014» — загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі абласной бальніцы Аляксандра Ганчарова.

Першы раз Аляксандру прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у сярэдзіне кастрычніка.

Пры паўторнай праверцы работнікамі міліцыі гаджэтаў Ганчарова імі быў складзены яшчэ адны пратакол па адміністрацыйным правапарушэнні. На падставе яго суддзя Царыкаў пастанавіў пакараць доктара арыштам яшчэ на 15 сутак, піша «Віцебская Вясна».

Аляксандр Валер'евіч мае стаж працы большы за 25 гадоў, быў уганараваны званнем «Чалавек года Віцебшчыны», а ў 2020-ым годзе атрымаў падзяку ад Лукашэнкі за ўнёсак у барацьбе з COVID-19.

Nashaniva.com