Байдэн пасля сустрэчы з Сі Цзіньпінам назваў таго дыктатарам

«Ён той хлопец, які кіруе краінай, што з'яўляецца камуністычнай і заснаванай на форме праўлення, цалкам адрознай ад нашай», — сказаў прэзідэнт ЗША.

16.11.2023 / 08:12

Джо Байдэн. Фота: Doug Mills/The New York Times via AP, Poo

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што па-ранейшаму лічыць свайго кітайскага калегу Сі Цзіньпіна дыктатарам, кінуўшы цень на вынікі сустрэчы з кіраўніком КНР, якую СМІ назвалі прадукцыйнай, піша Bloomberg.

Па завяршэнні сваёй прэс-канферэнцыі ў сераду Байдэн адказаў на пытанне амерыканскага журналіста аб тым, ці падтрымлівае ён зроблены ім у чэрвені каментар, у якім ён назваў Сі Цзіньпіна дыктатарам. Улетку гэтая заўвага была асуджана МЗС Кітая, якое назвала каментар «абсурдным» і «правакацыяй».

«Ну, глядзіце, так яно і ёсць», — сказаў Байдэн у сераду. «Я маю на ўвазе, што ён дыктатар у тым сэнсе, што ён той хлопец, які кіруе краінай, якая з'яўляецца камуністычнай і заснаванай на форме праўлення, цалкам адрознай ад нашай».

Гэта заўвага можа падарваць поспехі, дасягнутыя ў ходзе чатырохгадзінных перамоваў паміж прэзідэнтамі Кітая і ЗША. Байдэн сказаў, што дзве краіны прыйшлі да важных пагадненняў аб барацьбе з распаўсюджваннем фентанілу, аднаўленні сувязі паміж вайскоўцамі на найвышэйшым узроўні і ўсталяванні ўзаемаразумення, пры якім любы лідар можа наўпрост патэлефанаваць іншаму, каб ліквідаваць любое непаразуменне.

«Я лічу, што гэта былі адны з самых канструктыўных і прадукцыйных дыскусій, якія ў нас былі», — сказаў раней Байдэн.

Чытайце таксама:

Пацяпленне ў адносінах. Сі Цзіньпін сустрэўся з Джо Байдэнам у Сан-Францыска

Сі Цзіньпін упершыню за шэсць гадоў прыбыў у ЗША

Nashaniva.com