Байдэн сустрэўся з Сі ў Сан-Францыска. Дзве самыя магутныя дзяржавы свету распружваюць адносіны
«Мы з ім дамовіліся, што мы абодва можам падняць слухаўку, патэлефанаваць наўпрост і неадкладна быць пачутымі», — сказаў Джо Байдэн.
16.11.2023 / 07:26
Фота: Doug Mills/The New York Times via AP, Pool
Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн дамовіліся на сустрэчы пад Сан-Францыска пра аднаўленне каналаў прамой сувязі паміж вайскоўцамі дзвюх дзяржаў. Гэтая сувязь была адключаная кітайцамі летась пасля візіту спікера Палаты прадстаўнікоў на Тайвань, піша Бі-бі-сі.
Пра дамоўленасць аб аднаўленні прамой сувязі паміж вайскоўцамі паведаміў пасля сустрэчы Байдэна і Сі кітайскі дзяржаўны тэлеканал CCTV.
«Трымаць лініі сувязі паміж нашымі войскамі адкрытымі — гэта важна, паколькі гэта дазваляе пазбягаць непаразуменняў і памылак, якія могуць прывесці да крызісу або канфлікту», — заявіла з гэтай нагоды прэс-служба Пентагона.
Кітай адключыў каналы прамой сувязі пасля таго, як спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі ў жніўні мінулага года нечакана прыляцела на Тайвань.
Гэты жэст вельмі абурыў Пекін і заахвоціў яго да таго, каб зладзіць вакол Тайваня маштабныя вучэнні з імітацыяй уварвання на востраў.
Пры гэтым старшыня Сі, як распавёў журналістам на ўмовах ананімнасці высокапастаўлены прадстаўнік Белага дома, запэўніў Байдэна на сустрэчы, што Кітай не рыхтуецца да ўварвання на Тайвань і аддаў бы перавагу мірнаму ўз'яднанню — але тут жа завёў размову аб тым, пры якіх умовах КНР можа прымяніць сілу.
Прэзідэнт Байдэн сказаў на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы, што лініі сувязі будуць пастаянна адкрыты не толькі паміж кітайскімі і амерыканскімі вайскоўцамі, але і на іншых узроўнях, уключаючы саміх лідараў.
«Мы з ім дамовіліся, што мы абодва можам падняць слухаўку, патэлефанаваць наўпрост і неадкладна быць пачутымі», — сказаў Байдэн.
На пытанне, ці давярае ён Сі Цзіньпіну, Байдэн адказаў прыказкай «давярай, але правярай», а затым распавёў, што яны з Сі вельмі шмат сустракаліся, калі былі віцэ-прэзідэнтамі пры Бараку Абаму і Ху Цзіньтаа, і ён ведае Сі як «прамога і адкрытага» суразмоўцу.
Агульнае пацяпленне
Акрамя дамоўленасці аб сувязі паміж вайскоўцамі, Байдэн і Сі, як паведамляе кітайская дзяржаўная прэса, дамовіліся стварыць рабочыя групы, якія зоймуцца супрацоўніцтвам у галіне штучнага інтэлекту і ў барацьбе з наркагандлем.
Пра апошняе перад сустрэчай пісала амерыканская прэса: ЗША хацелі б, каб Кітай дапамог перакрыць каналы паставак інгрэдыентаў для фентанілу.
Акрамя таго, Пекін паведамляе, што Байдэн і Сі дамовіліся стварыць «механізмы дыялогу» аб знешняй палітыцы і бяспецы суднаходства, а таксама павялічыць колькасць авіярэйсаў, колькасць студэнтаў, навучэнцаў па абмене ў дзвюх краінах, і пашырыць сувязі ў адукацыі, культуры, спорце і бізнэсе.