Намесніка дэкана МГІМО звольнілі за сустрэчу з Ургантам
Месяц таму прафесар МГІМО Юрый Кабаладзэ зладзіў студэнтам журфака сустрэчу з тэлевядучым Іванам Ургантам. Тэмай гутаркі было наладжванне асабістых сувязяў у медыяпрасторы. Адразу пасля гэтага ў выкладчыка пачаліся праблемы, піша тэлеграм канал «Осторожно, Москва».
15.11.2023 / 16:00
Іван Ургант выступае перад студэнтамі. Фота: ostorozhno_moskva / Telegram
Спачатку прэс-служба МГІМО назвала сустрэчу фэйкам, пазней у СМІ пачалі зʼяўляцца заявы са спасылкай на крыніцы ў рэктараце МГІМО, што запрашэнне тэлевядучага было асабістай ініцыятывай прафесара і рэктарат шакаваны яго рашэннем. Са слоў студэнтаў, ад выкладчыка пачалі патрабаваць, каб ён запрашаў на сустрэчы ваенкораў, а тыдзень таму яму забаранілі зладзіць студэнтам лекцыю з Алёнай Далецкай.
Учора Кабаладзэ паведаміў студэнтам пра сваё звальненне.
Студэнты збіраюцца пісаць калектыўны ліст з просьбай вярнуць выкладчыка, але асцерагаюцца адлічэння. «Калі такога дасведчанага педагога, які 9 гадоў адпрацаваў у ВНУ, звольнілі пасля сустрэчы з Ургантам, то што ж будзе з намі», — сказала каналу адна са студэнтак.
Іван Ургант асудзіў ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны, пасля чаго папулярнае шоу «Вячэрні Ургант» было знятае з эфірнай сеткі «Першага канала».